Рымашэўскі: улады яшчэ больш папсавалі свой імідж

13 кастрычніка 2011 12:40  |  Галоўныя навіны

Папраўкі ў законы аб грамадскіх арганізацыях і органах дзяржбяспекі бессэнсоўныя, дыскрымінацыйныя і яшчэ больш пагаршаюць імідж беларускіх уладаў. Такое меркаванне выказаў БелаПАН кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года, сустаршыня аргкамітэту партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі.

Паводле яго слоў, гэтыя заканадаўчыя ініцыятывы супярэчаць дэклараванай уладамі гатоўнасці пайсці на саступкі Захаду і весці дыялог з грамадзянскай супольнасцю.
 
Пры гэтым палітык адзначыў, што папраўкі ў закон аб органах дзяржбяспекі толькі “ўзаконьваюць практыку дзейнасці спецслужбаў, якая ўжо склалася”.
 
“Дзеючыя законы імі паўсюдна парушаюцца, дзейнасць судоў і пракуратуры носіць, хутчэй, дэкаратыўны характар”, – сказаў Рымашэўскі ў інтэрв’ю БелаПАН.
 
На яго думку, практычнае прымяненне гэтага законапраекта, у выпадку яго прыняцця, будзе залежыць ад здольнасці дэмакратычнага грамадства супрацьстаяць рэпрэсіям, а таксама ад пазіцыі па гэтым пытанні еўрапейскіх краін.
 
Што тычыцца прынятых парламентам паправак у заканадаўства, якія ўзмацняюць адказнасць за грамадска-палітычную дзейнасць, то, як лічыць экс-кандыдат у прэзідэнты, іх мэта – перашкодзіць фінансаванню палітычных партый і НДА, якія атрымліваюць падтрымку з-за мяжы.
 
“Але ўлады павінны разумець: паменшыць залежнасць партый і арганізацый ад замежных дзяржаў на справе можна не забаронамі, а гарантыямі, наяўнасцю сістэмы падтрымкі ўсіх без выключэння арганізацый ўнутры краіны”, – перакананы Віталь Рымашэўскі.

Болей навін