Кастусёў: Павал Севярынец успрымае прапановы адміністрацыі калоніі ў жарт
Экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Рыгор Кастусёў, які 16 кастрычніка наведаў сустаршыню аргкамітэта па стварэнні БХД Паўла Севярынца, паведаміў, што “выглядае добра, вясёлы, бадзёры, не падае духам. І наогул па жыцці ён аптымізм”.
“Ён працуе на складзе аўтазапчастак у ролі такога “мэнэджара”. У вёсцы да яго стаўленне добрае – мае і маральную, і матэрыяльную падтрымку. Ёсць рэлігійная абшчына … Аднак зняволенне ёсць зняволеннем – хочацца на волю, ёсць неадкладныя справы”, – распавёў Рыгор Кастусёў.
Былы кандыдат у прэзідэнты адзначыў, што адміністрацыя спэцкамэндатуры перыядычна «заходзіць» да Паўла Севярынца з прапановамі прызнаць віну:
“Адкрытага ціску на Паўла не было, перыядычна з ім спрабуюць «размаўляць».Ёсць там намеснік па ідэалогіі (ці як называецца гэтая пасада). Але Павал не той чалавек, каб зрабіць штосьці ненармальнае, амаральнае. Павал у жарт ўспрымае ўсе гэтыя прапановы прызнаць віну і таксама ў жарт нам аб гэтым распавядаў”, – адзначыў Рыгор Кастусёў.