Шлях даўжынёй у тысячу гадоў: адмена смяротнага пакарання ў Вялікабрытаніі
Што звязвае Вільгельма Заваёўніка, Чарлза Дыкенса, ААН і звычайнага чалавека на лонданскай вуліцы?
Францыя заўсёды ганарылася тым, што прынесла цывілізацыю непакорлівым брытам. І сапраўды, менавіта француз нанёс першы ўдар практыцы смяротнага пакарання ў Брытаніі.
Неўзабаве пасля заваявання Брытанскіх выспаў Вільгельм Заваёўнік адмяніў гэтае пакаранне. Уплыў караля Вільгельма быў такім вялікім і ўсёахопным, што і да сёння паўсюдна праяўляецца ў Вялікабрытаніі: у нашай юрыдычнай сістэме, у той неверагодным архітэктурнай спадчыне, якую ён пакінуў пасля сябе, і нават у нашым ландшафце. На жаль, гэтае натхняльнае пачынанне не было падтрыманае яго сынам, Вільгельмам Руфусам, які зноў увёў смяротнае пакаранне.
Некалькіх наступных стагоддзяў сітуацыя асабліва не змянялася, пакуль у канцы XVIII ст. цэлы шэраг парламентарыяў не пачаў надаваць гэтаму пытанню асаблівую ўвагу. Сэр Уільям Мерэдыт, сэр Сэмюэл Ромілі і сэр Джэймс Макінтош сыгралі асноўную ролю ў тым, што пытанне пра смяротнае пакаранне пачало актыўна абмяркоўвацца ў Парламенце. Вынікам гэтых дэбатаў стала паступовае, але няўхільнае памяншэнне колькасці злачынстваў, за якія каралі смерцю.
З пачатку ХІХ стагоддзя кампанія за адмену смяротнага пакарання (або прынамсі за тое, каб зрабіць яе больш «цывілізаванай») выйшла за сцены Парламента. У ёй узялі ўдзел і прыватныя асобы — такія, як слуп брытанскай літаратуры таго часу Чарлз Дыкенс, а таксама лабісцкія групы, напрыклад, рэлігійны рух квакераў. Барацьба разгарэлася з новай сілай неўзабаве пасля заканчэння Другой сусветнай вайны, калі міжнародная супольнасць у асобе ААН прыняла Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека, у якой прызнаваліся «годнасць, уласцівая ўсім членам чалавечай сям’і, і іх роўныя і неад’емныя правы». Палата абшчын (ніжняя палата брытанскага парламента) зрабіла некалькі спробаў увесці мараторый або адмяніць смяротнае пакаранне, але ўсе яны былі заблакаваныя Палатай лордаў (верхняй палатай парламента).
З пачатку 1950-х гадоў усё большая незадаволенасць грамадскасці пачала вылівацца ў патрабаванні канкрэтных дзеянняў. Прычынай гэтага незадаволенасці стаў цэлы шэраг фактараў. Для некаторых гэта была маральная неабходнасць абараняць чалавечую годнасць. Для іншых такой прычынай сталі раскрытыя падрабязнасці выпадкаў, калі судовая памылка пацягнула за сабой пакаранне нявіннага чалавека. Па меры таго як масавыя друкаваныя выданні паведамлялі ўсё новыя падрабязнасці судовых працэсаў, у якіх абвінавачаным пагражала смяротнае пакаранне, гэтыя працэсы апыналіся пад пільным назіраннем грамадскасці. У выніку дэбаты пра смяротную кару выліліся з гулкіх залаў Палаты абшчын на вуліцы.
Людзі задаваліся пытаннямі: ці мае наогул грамадства права пазбаўляць жыцця? Ці можа пакаранне быць гуманным — як для асуджанага, так і для ката? Ці неабходна захоўваць смяротнае пакаранне ў грамадстве з невысокім узроўнем забойстваў? Ці перадухіляе наяўнасць смяротнага пакарання злачынства?
І, нарэшце, у 1969 годзе «гучны ўхвальны вокліч пракаціўся па Палаце абшчын» — як напісала адна з газет — калі, пасля сямі гадзінаў дэбатаў, брытанскі парламент адмяніў смяротнае пакаранне.Такім чынам, цягам гэтага доўгага шляху адбыўся зрух ад намаганняў зрабіць пакаранне больш «цывілізаваным» да маральнага боку смяротнага пакарання і такіх практычных пытанняў, як тое, ці можа наогул якая-небудзь юрыдычная сістэма цалкам выключыць памылкі — тым больш незваротныя.
Некаторыя могуць задацца пытаннем, чаму адна з найстарэйшых дэмакратый у свеце ніколі не праводзіла рэферэндум па гэтым пытанні. Рэферэндумы ў Вялікабрытаніі наогул праводзяцца вельмі рэдка. Калі людзі выбіраюць сваіх дэпутатаў у Парламент, маецца на ўвазе, што яны такім чынам выказваюць давер сваім прадстаўнікам і іх здольнасці найлепшым чынам прадстаўляць інтарэсы сваіх выбаршчыкаў — не губляючы пры гэтым з выгляду інтарэсы краіны ў цэлым.
Ад вялікага караля да парламентарыяў, ад самых першых грамадскіх арганізацый да простых людзей на вуліцах — вось шлях даўжынёй у тысячу гадоў, вынікам якога стала адмена смяротнага пакарання ў Вялікабрытаніі.
Розмары Томас, амбасадар Вялікабрытаніі ў Беларусі