Беларускія арганізацыі апелююць да польскіх уладаў

18 кастрычніка 2011 16:23  |  Палітыка

18 кастрычніка зварот ад беларускіх арганізацый з просьбай спынення прававога супрацоўніцтва паміж Польшчай і Беларуссю, тэкст якога быў прыняты на акцыі салідарнасці ў Варшаве 16 кастрычніка, быў перададзены ў канцылярыю старшыні рады Міністраў Польшчы, Генеральную пракуратуру і Міністэрства юстыцыі гэтай краіны.
Пад зваротам свае подпісы паставілі прадстаўнікі “Звязу для дэмакратыі ў Беларусі”, Цэнтра абароны правоў чалавека “Свабода і Закон”, “Еўрапейскай Беларусі”, “Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі” і “Маладога Фронту”. Паводле гэтых арганізацый, паколькі ў Беларусі парушаюцца правы чалавека, прымаюцца антыдэмакратычныя законы і ўзаконьваецца фактычнае вынішчэнне апанентаў рэжыму, прававое супрацоўніцтва паміж Польшчай і Беларуссю павінна быць спыненае.

Аўтары зварота патрабуюць спыніць прававое супрацоўніцтва паміж Польшчай і Беларуссю – кажа адзін з падпісантаў, старшыня суполкі Партыі БХД у Варшаве Анатоль Міхнавец:

– Дамова аб прававым супрацоўніцтве была заключаная Польшчай у 1994 годзе, калі ў Беларусі была дэмакратыя. Калі мы сёння ведаем, што адбываецца ў Беларусі, усе чулі пра новую рэдакцыю закона аб спецслужбах, дзе санкцыянуюцца забойствы, санкцыянуецца ўламанне ў любы час у памяшканні, і ніякай адказнасці спецслужбы не маюць, то гэта ненармальна, калі дэмакратычная дзяржава, якая старшынствуе зараз у Еўразвязе, супрацоўнічае з такімі службамі. Я нават не ведаю, як іх назваць, якімі метадамі яны дзейнічаюць у Беларусі.

 

Анатоль Міхнавец адзначае, што няма вялікіх спадзяванняў на атрыманне грунтоўнага адказу. Ранейшая практыка паказвае, што на звароты або няма рэакцыі, або даюцца чарговыя адпіскі.

 

У той жа час былы прадпрымальнік і палітуцякач, сябар БХД Андрэй Жукавец заяўляе, што беластоцкі суддзя атрымаў згоду на выезд у Беларусь для супрацоўніцтва з судовымі органамі па яго справе. Па словах Жукаўца, гэта адбылося насуперак абяцанням міністра юстыцыі Квяткоўскага. Міністар абяцаў узяць пад асабісты кантроль справу Андрэя Жукаўца, выдачы якога патрабуюць беларускія ўлады:

– У Міністэрстве юстыцыі Польшчы якісьці клерк даў згоду на выезд суддзі Шыманскага ў Беларусь і на супрацоўніцтва з суддзямі рэжыму. Спрабаваў патэлефанаваць да Міністэрства юстыцыі, каб даведацца, хто гэта зрабіў. Згодна польскага заканадаўства, такі дазвол можа даць толькі міністр. І мне тэлефанавалі з Беларусі мае сваякі, кажуць, што майго брата выклікалі на нефармальную размову ў гэтай справе. І таксама ідуць пагрозы, маўляў, калі прыедзе суддзя, каб давалі паказанні так, як яны хочуць.

 

У 1999 годзе Андрэй Жукавец з’ехаў з Беларусі і папрасіў палітычнага прытулку ў Польшчы. Беларусь абвінавачвае яго ў фінансавых махінацыях і патрабуе выдачы. Шэраг беларускіх апазіцыйных лідараў выступіў у абарону Жукаўца, заяўляючы пра яго палітычны пераслед у сувязі з дапамогай апазіцыі.

Болей навін