Ахвяра тэракту: у медычных паперах напісалі “бытавая траўма”

19 кастрычніка 2011 10:19  |  Палітыка

Многія пацярпелыя ад тэракту ў мінскім метро знаходзяцца фактычна на мяжы выжывання – паводле дзяржаўных чыноўнікаў, грошы, сабраныя ў Беларусі пасля трагедыі 11 красавіка, былі накіраваныя на аднаўленне самой станцыі, дапамогу шпіталям, а таксама набыццё перавязачнага матэрыялу.

 

А вось абяцаную кампенсацыю лекаў і выдаткаў дзяржава людзям так і не выплаціла.

 

Апроч гэтага усім, хто па нешчаслівай выпадковасці 11 красавіка а 18-й гадзіне апынуўся на станцыі метро Кастрычніцкая, у бюлетэнях лекары пазначылі траўмы, як бытавыя, а прадпрыемствы, на якіх працавалі людзі, у сваю чаргу адмаўляюцца аплаціць пацярпелым бальнічныя.

 

Пра гэта Радыё Рацыя распавяла Інэса Крутая – з цела жанчыны 11 красавіка ўрачы дасталі звыш 40 аскепкаў выбуховага рэчыва.

 

– Напісалі ў бюлетэнях – траўма ў быту. Намеснік галоўнага ўрача сказала, што так напісалі ў іх у бальніцы, не мне канкрэтна, а ўсім, і перапісваць на траўму “па-за вытворчай прычыны” адмаўляюцца. Адпаведна ў бугалтэрыі мне не могуць аплаціць. Я ляжала ў бальніцы паўтара месяца. Толькі праз месяц пачалі хадзіць чуткі, што магчыма штосьці дадуць. Затым некаторым раздалі паперы – 20 базавых велічыць, 30 базавых велічынь (700-750 тыс. рублёў) – сумы ніякія.

 

Цяпер Інэса Крутая вымушаная выжываць на невялікую пенсію маці, якая сама з’яўляецца інвалідам паводле анкалагічнага захворвання. Роўна месяц таму па невядомых прычынах у Мінску быў затрыманы бацька Інэсы Крутой Аляксандр.

 

На судзе па справе аб тэракце ён прадстаўляў інтарэсы сваёй дачкі і меў намер запатрабаваць ад уладаў кампенсацыі лекавых сродкаў у судовым парадку. Аднак праваабаронца быў схоплены міліцыяй і абвінавачаны нібыта ў хуліганскіх дзеяннях.

Болей навін