Дэмакратычныя сілы: дамінантай робіцца байкот
19 кастрычніка палітычная “шасцёрка” (АГП, “Справядлівы свет”, рух “За свабоду”, “Гавары праўду”, БНФ і аргкамітэт БХД) абмеркавалі апошнія рэпрэсіўныя змены ў беларускім заканадаўстве. Аб выніках пасяджэння “Беларускаму партызану” распавёў лідэр АГП Анатоль Лябедзька.
– Анатоль Уладзіміравіч, якія высновы кааліцыя зрабіла для сябе з ўчорашніх заяваў Лукашэнкі?
– Ніякіх высноваў – высновы зробленыя раней: ніякіх выбараў у Беларусі з 1994-95 гады няма. Такія беларускія рэаліі. Сёння ёсць магчымасць актуалізаваць тое пытанне (аб тым, каб улада выбіралася, а не назначалася) – апошнія змены ў заканадаўства даюць такія падставы.
На сённяшнім пасяджэнні “шасцёркі” мы вырашылі аднавіць камунікацыі з БДІПЧ АБСЕ. Ясна, як двойчы два: выбараў не будзе – дэпутатаў зноў будуць прызначаць.Мы маем намер у самы бліжэйшы час выйсці на БДІПЧ АБСЕ, каб даведацца іх меркаванне з нагоды ўсяго гэтага, даведацца пра іх намеры – ці маюць намер яны нейкім чынам адрэагаваць на беларускія працэсы. Для нас цяпер прыярытэт не ўлада, а міжнародныя структуры.
– Анатоль Уладзіміравіч, сітуацыя паўтараецца – не ў першы, не другі раз. БДІПЧ АБСЕ выдае рэкамендацыі мяняць выбарчае заканадаўства, «выбары» па выніках не прызнаюцца дэмакратычнымі. Гэта мы перажывалі ўжо не раз пасля 95-га года. Можа, апазіцыя гатовая адказаць адэкватным палітычным рашэннем на палітычнае рашэнне рэжыму?
– Гэта спроба накіраваць пасланне ўлады: вы самі разбураеце рэшткі законнасці ў краіне. Унесеныя ў законы змены – гэта прамое парушэнне Канстытуцыі. Калі ўлады самі ініцыююць парушэнне Канстытуцыі – краіну выводзяць за рамкі прававога поля. Тады якія прэтэнзіі могуць быць да палітычных партый, грамадзян, якія будуць адмаўляцца выконваць нелегітымныя, незаконныя рашэння ўладаў?
У нас ёсць час да канца года; гэта апошняя надзея спыніць працэс выпаўзання за рамкі прававога поля. Калі да канца года гэта не ўдаецца – тады дамінантай робіцца байкот: байкот усіх кампаній, якія прапануе ўлада, байкот самой улады, байкот шмат чаго. Ёсць канфлікт паміж уладным меншасцю і большасцю народа.
– А як “шасцёрка” ацаніла апошнія змены ў заканадаўстве?
– Мы пачалі выпрацоўваць агульную пазіцыю. Мы падтрымалі пазіцыю шэрагу няўрадавых арганізацый, якія накіравалі лісты ў Савет Рэспублікі і Канстытуцыйны суд, мы падпісалі гэтыя звароты. На наступным тыдні мы арганізуем круглы стол па ўсіх гэтых змяненнях.