Кіраўніцтва БХД звяртаецца да беларусаў у справе Васьковіча
Дагэтуль невядома месцазнаходжанне Яўгена Васьковіча. Звесткі аб тым, што яго перавялі ў Гарадзенскую турму, не пацвердзіліся. Кіраўніцтва Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі звяртаецца да грамадзян Беларусі з просьбай пісаць лісты на адрас Дэпартаменты выканання пакаранняў (Менск, Аранская, 1), патрабуючы:
- Даць інфармацыю, дзе знаходзіцца яўген Васьковіч.
- Спыніць ціск на яго.
- Неадкладна дапусціць да яго адваката.
У ноч з 16 на 17 кастрычніка 2010 году ў Бабруйску зрабілі напад на будынак КДБ. Яўгена Васьковіча затрымалі 17 студзеня ў Магілёве на наступны дзень пасля яго ўдзелу ў акцыі салідарнасці з беларускімі палітвязнямі. Пракурор даводзіла, што дзеянні падсудных маглі прывесці да знішчэння ўсяго будынка КДБ. Страты маглі скласці блізу двух мільярдаў рублёў. Рэальныя ж страты ад нападу склалі 253 тысячы рублёў, і гэтыя грошы ўжо выплацілі. Яўген Васьковіч заявіў, што не шкадуе аб учыненым. Ён назваў сябе ліцвінам і дадаў, што яго святы абавязак — бараніць нацыянальныя беларускія каштоўнасці. “За іх я ўмерці гатовы, бо жыццё кароткае, а радзіма вечная”, казаў хлопец. Яго не спалохаюць цяжкасці, і ён з годнасцю іх пройдзе. Скончыў свой кароткі выступ Васьковіч воклічам: “Жыве Беларусь!”. Яўгена Васьковіча суд прысудзіў да сямі год зняволення калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Хаця хрысьціянскія дэмакраты не падтрымліваюць анархічных мэтадаў, наш абавязак – маліцца за Яўгена, дапамагаць яму і ягоным родным дзеля таго, каб малады хлопец мог зразумець: “ня будзь пераможаны злом, а перамагай зло дабром” (Рым., 12:21).