Хрысціянскія дэмакраты абмеркавалі сваю дзейнасць на сходзе ў Глыбокім (фота)

23 кастрычніка 2011 14:10  |  Галоўныя навіны

Сябры аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” 22 кастрычніка правялі сход у Глыбокім. Яны паставілі подпісы ў спісе заснавальнікаў, які будзе пададзены ў Міністэрства юстыцыі пасля ўстаноўчага з’езду, запланаванага на 17 снежня.

 

На сход прыехала Таццяна Севярынец, абласны каардынатар БХД, маці зняволенага лідэра партыі Паўла Севярынца. Таццяна Яўгенаўна заклікала глыбоцкіх актывістаў больш працаваць з насельніцтвам, каб атрымаць давер людзей. На яе думку, падчас крызісу сябры БХД павінны заняцца дабрачыннай дзейнасцю. Таццяна Яўгенаўна прапанавала стварыць нефармальны фонд узаемадапамогі, каб дапамагаць адно аднаму.


“Мы не павінны працаваць толькі для сябе, мы павінны працаваць для людзей”
, – заявіла Таццяна Севярынец.

 

Акрамя таго, Таццяна Севярынец заклікала ўзнавіць дзейнасць Рады народных дэпутатаў – арганізацыі, што складаецца з былых кандыдатаў мясцовых выбараў. Сябра Рады Зміцер Лупач распавёў пра тое, як ён дамагаўся ад уладаў усталёўкі ліхтароў у вёсцы Завараты і падсыпкі вуліц у Глыбокім.


Праўда, глыбоцкія сябры БХД не выказалі вялікага аптымізму наконт пашырэння грамадскай дзейнасці. Мясцовая ўлада будзе ставіць палкі ў колы, лічаць яны.

 

Таццяна Севярынец станоўча выказалася пра дзейнасць суполкі БХД у Мёрах. Узімку мёрскія хрысціянскія дэмакраты сабралі грошы на падтрымку зняволеных лідэраў апазіцыі. У кастрычніку яны падтрымлівалі журналіста Кастуся Шыталя падчас арышту і суду ў Мёрах.

 

Сход скончыўся сяброўскай размовай за гарбатай. Пасля гэтага двое актывістаў разам з Таццянай Севярынец наведалі падмуркі былой Беразвецкай царквы, дзе разам памаліліся за лідара “Маладога Фронту” Змітра Дашкевіча, зняволенага ў турме ў Беразвеччы.

 

Да глыбоцкай суполкі БХД належаць больш за два дзясяткі чалавек, сярод іх – журналісты Зміцер Лупач, Яўген Самсонаў, Кастусь Шыталь, паэтка Марыя Баравік.

 

Беларуская хрысціянская дэмакратыя – палітычная партыя, якая мае на мэце ўвядзенне хрысціянскіх каштоўнасцяў на ўсіх узроўнях палітычнага жыцця ў Беларусі. Партыю ўзначальваюць чатыры сустаршыні – Павал Севярынец, Віталь Рымашэўскі, Аляксей Шэін, Георгі Дзмітрук. БХД тройчы спрабавала атрымаць дзяржаўную рэгістрацыю, але спробы былі марнымі.

 

Хрысціянскія дэмакраты абмеркавалі сваю дзейнасць на сходзе ў Глыбокім (фота)Хрысціянскія дэмакраты абмеркавалі сваю дзейнасць на сходзе ў Глыбокім (фота)Хрысціянскія дэмакраты абмеркавалі сваю дзейнасць на сходзе ў Глыбокім (фота)Хрысціянскія дэмакраты абмеркавалі сваю дзейнасць на сходзе ў Глыбокім (фота)

Болей навін