Тацяну Севярынец хочуць судзіць за Народны Сход
Віцебскую абласную каардынатарку аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Тацяну Севярынец гарадскія ўлады збіраюцца судзіць за арганізацыю Народнага Сходу ў Віцебску.
Пра гэта ёй паведамілі 25 кастрычніка старшы лейтэнант Казючыц Павал Мікалаевіч і маёр Паўлаў, якія сказалі ёй чакаць позву ў суд. У дачыненні да Тацяны Севярынец склалі пратакол за “арганізацыю несанкцыянаванага ўладамі масавага мерапрыемства”.
“Пратакол я не падпісвала, ніякіх тлумачэнняў не давала, бо я ім казала адно, а яны мне другое. Я ім сказала перадаць прапанову падпалкоўніку Каліноўскаму, намесніку начальніка міліцыі Кастрычніцкага раёну, правесці для міліцыянтаў замест палітінфармацыі некалькі заняткаў па мове, хаця б па рускай, бо ўжо зусім непісьменныя. Маёр Паўлаў, якому я некалі выпраўляла памылкі ў пратаколе, паабяцаў перадаць”, – адзначыла Тацяна Севярынец.
Паводле яе словаў, з гэтай жа прычыны міліцыянты завіталі да Ірыны Яскевіч, якая таксама ладзіла Народны Сход у Віцебску.