БХД заклікае падтрымаць лістамі Яўгена Васьковіча
Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя і малітоўная група ля Чырвонага касьцёла “Нельга забыць” заклікаюць дасылаць лісты падтрымкі палітзьняволенаму сябру БХД Яўгену Васьковічу, якога нядаўна перавялі ў крытую турму Магілёва.
У прывастнасці, малітоўная група заклікае дасылаць палітвязьню лісты са словамі зь Пісаньня. “Неабходна падтрымаць, бо гэта крытая турма. Гэта цяжка і надоўга”, – адзначыў сустаршыня БХД Павал Севярынец.
Лісты падтрымкі неабходна пісаць на адрэсу: турма № 4, 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А.
У ноч з 16 на 17 кастрычніка 2010 году ў Бабруйску зрабілі напад на будынак КДБ. Яўгена Васьковіча затрымалі 17 студзеня ў Магілёве на наступны дзень пасьля яго ўдзелу ў акцыі салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі. Пракурор даводзіла, што дзеяньні падсудных маглі прывесьці да зьнішчэньня ўсяго будынка КДБ. Страты маглі скласьці блізу двух мільярдаў рублёў. Рэальныя ж страты ад нападу склалі 253 тысячы рублёў, і гэтыя грошы ўжо выплацілі. Яўген Васьковіч заявіў, што не шкадуе аб учыненым. Ён назваў сябе ліцьвінам і дадаў, што яго сьвяты абавязак — бараніць нацыянальныя беларускія каштоўнасьці. “За іх я ўмерці гатовы, бо жыцьцё кароткае, а радзіма вечная”, казаў хлопец. Яго не спалохаюць цяжкасьці, і ён з годнасьцю іх пройдзе. Скончыў свой кароткі выступ Васьковіч воклічам: “Жыве Беларусь!”. Яўгена Васьковіча суд прысудзіў да сямі год зьняволеньня калёніі ўзмоцненага рэжыму.
Хаця хрысьціянскія дэмакраты не падтрымліваюць анархічных мэтадаў, наш абавязак – маліцца за Яўгена, дапамагаць яму і ягоным родным дзеля таго, каб малады хлопец мог зразумець: “ня будзь пераможаны злом, а перамагай зло дабром” (Рым., 12:21).