Прадстаўнікі БХД узялі ўдзел у акцыі салідарнасці з палітвязнямі ў Берасці (фота)
Вечарам 26 кастрычніка ў Берасці прайшла акцыя ў падтрымку палітзняволеных. На вуліцы Савецкай сабралася некалькі чалавек, якія трымалі партрэты Андрэя Саннікава, Паўла Севярынца і Дзмітрыя Дашкевіча. Некалькі гасцей горада — грамадзян Расіі, даведаўшыся, як ідуць у Беларусі справы з правамі чалавека, далучыліся да акцыі. Праз пятнаццаць хвілін пікет завяршыўся, затрыманняў не было.
Адзін з удзельнікаў акцыі, член аргкамітэта па стварэнні партыі “БХД” Алесь Чаркашын заявіў: “У Беларусі ёсць законы, але яны не працуюць. Таму ўсе людзі, якія знаходзяцца ў турмах па палітычных матывах, асуджаны незаконна. Аднак, як гаворыць Павел Севярынец, праўду нельга схаваць за кратамі. Таму я тут, каб падтрымаць усіх, хто асуджаны за падзеі 19 снежня ў Мінску”.