Яўген Васьковіч зноў апынуўся ў карцары

28 кастрычніка 2011 22:32  |  Галоўныя навіны

Сябар Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі, палітвязень Яўген Васьковіч, якога перавялі ў крытую турму ў Магілёве, сустрэўся са сваім адвакатам, якога ён сустрэў шырокай усмешкай. Пра гэта прэсавай службе БХД паведаміў Дзяніс Садоўскі.

 

Яўген Васьковіч пачувецца добра, “нават лепш чым у калоніі”. Паводле яго словаў, у турме бывае даюць смачную ежу. Разам з тым палітвязень ужо двойчы апынуўся ў карцары, дзе знаходзіцца і зараз. Першы раз ён трапіў туды за тое, што адмовіўся “працаваць на фашыстоўскую ўладу”, у другі раз –на дзесяць сутак за тое, што заснуў у карцары.

 

Яўген Васьковіч таксама распавёў пра ўсе выпадкі свайго знаходжання ў карцары ў калоніі. Спачатку яго туды накіравалі на дзесяць сутак за адмову аддаць Біблію, у наступны раз – таксама на дзесяць сутак за адмову маршыраваць пад дажджом. Тады ж яго пазбавілі права на ўсялікія спатканні. Надалей яго саджалі на двое, трое, чацвёра і пяцёра сутак. У выніку 12 кастрычніка над палітвязнем у калоніі адбыўся суд, які за парушэнні рэжыму прысудзіў яго паводле арт. 415 да пераводу з узмоцненага на строгі рэжым.

 

Палітвязень перадаваў усім прывітанні, асабліва Паўлу Севярынцу, Віталю Рымашэўскаму, Дзянісу Садоўскаму і Таісіі Кабанчук, а таксама сваёй матулі і бабулі. Ён сказаў ім, каб трымаліся. Таксама Яўген Васьковіч адзначыў, што атрымаў ад Паўла Севярынца чатыры лісты за нумарам 3 і 4.

Болей навін