Актывісты БХД у Воршы ўпарадкавалі пахаваньне ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў (фота)

31 кастрычніка 2011 08:46  |  Палітыка

У Воршы 29 кастрычніка ўшанаваць памяць ахвяраў бальшавіцкага і сталінскага тэрору да крыжа ва ўрочышчы Кабыляцкая Гара, дзе праводзіліся расстрэлы і пахаваныя каля 5 тысяч чалавек, прыйшлі прадстаўнікі БХД. Яны прыбралі тэрыторыю, ўсклалі вянок і памаліліся за ўсіх забітых.
«Мы прыбралі сьмецьце вакол мэмарыяльнага знака, усталяванага тут у памяць пра растраляных людзей. Пафарбавалі крыжы, якія тут паставілі сваякі расстраляных ахвяраў сталінізму», — апавёў сябра аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Яўген Анішчанка.

Урочышча Кабыляцкая Гара знаходзіцца недалёка ад Воршы, каля пасёлка Андрэеўшчына. У гэтых мясьцінах пад Воршай у 1930-50-я гады праводзіліся расстрэлы мірнага насельніцтва — ахвяраў таталітарызму сталінскіх часоў.

Паводле некаторых дадзеных, тут было 7 ці 8 масавых пахаваньняў, але дакладную колькасьць ахвяраў сталінізму, якія знайшлі тут апошні спачын, ня ведае ніхто.

Парэшткі забітых людзей былі знойдзеныя ў Кабыляцкай Гары яшчэ ў 70-я гады мінулага стагоддзя, калі будавалі чыгунку да станцыі Ворша-Паўночная. Але толькі пасьля таго, як Беларусь даведалася пра менскія Курапаты, і ў Воршы была створаная адмысловая камісія па вывучэньні пахаваньняў.

На загад Аршанскага гарвыканкаму ў 1992-м годзе на Кабыляцкай Гары быў усталяваны вялікі помнік-камень.

Добраўпарадкаваньнем мэмарыялу ўсе гэтыя гаты займаюцца толькі мясцовыя актывісты.

Аршанскія актывісты зьбіраюцца ў гэтых мясьцінах штогод — або на Дзяды, або напярэдадні.

Актывісты БХД у Воршы ўпарадкавалі пахаваньне ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў (фота)
Актывісты БХД у Воршы ўпарадкавалі пахаваньне ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў (фота)

Болей навін