Паўла Севярынца на “хіміі” наведалі Наста Палажанка і Андрэй Дзмітрыеў

02 лістапада 2011 08:41  |  БХД

Сустаршыню аргкамітэту Беларускай Хрысціянская Дэмакратыі Паўла Севярынца, зняволенага на “хіміі” у Пружанскім раёне, наведалі намесніца старшыні Маладога фронту Наста Палажанка і каардынатар кампаніі Гавары праўду Андрэй Дзмітрыеў, таксама асуджаныя па справе “19 снежня”, але да ўмоўных тэрмінаў пакарання.

 

Як адзначыў Севярынец, гаворка з наведнікамі ішла пра грамадзка-палітычныя дзеянні ў цяперашняй складанай беларускай рэчаіснасці, ды вядома, пра падтрымку і барацьбу за вызваленне палітычных вязняў. Таксама Палажанка і Дзмітрыеў прывезлі Паўлу вялізны пакунак смачных прадуктаў.

 

Уражаннямі ад наведвання Севярынца Андрэй Дзмітрыеў падзяліўся у сваім фэйсбуку: “З’ездзілі і наведалі Севярынца. Ён бадзёры і вясёлы. Вынес нам гарбаты і печыва ў альтанку побач з баракам, нібы гэта ён да нас у госці зайшоў. Нягледзячы на дождж было вельмі прыемна з ім пагаварыць, абмеркаваць, што адбываецца. Ён усё цудоўна разумее і арыентуецца і, як заўсёды, бачыць галоўнае. Асноўнае пачуццё – шкада, што ўлада крадзе ў такіх людзей магчымасці і час і ўпэўненасць, што трэба рабіць усё, каб гэта раз і назаўсёды скончылася ў Беларусі.”

Болей навін