Запрашаем на святочную імпрэзу, прысвечаную ўгодкам БХД

03 лістапада 2011 16:46  |  Галоўныя навіны

Запрашаем усіх на святочную імпрэзу, прысвечаную ўгодкам Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі. Яна адбудзецца 7 лістапада ў 16.00 па адрасе г. Менск, вул. Кульман 4 (офіс прафсаюзаў Радыёэлектроннай прамысловасці). Падчас імпрэзы госці змогуць азнаёміцца з гісторыяй БХД, прагледзець медыя-прэзентацыю, а пасля ўзяць удзел у святочнай паэтычна-музычнай вечарыне. Кантакты для даведак: 8-029-167-34-35 (велкам).  Уваход вольны!

 

Нагадаем, 6 лістапада 1927 года ў Вільні прайшоў Устаноўчы з’езд партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя”. У 2-й праграме, прынятай на Сходзе, гаварылася, што “БХД імкнецца да самастойнасці беларускага народу на ўсіх яго землях, аб’яднаных у незалежную дэмакратычную рэспубліку”. Ад 1927 году сябрамі партыі, паводле зьменаў у Статуце, маглі быць не толькі каталікі, але і праваслаўныя. Гэты крок даў БХД магчымасць стаць адным з лідэраў сярод партыяў Заходняй Беларусі. 

 

Увогуле, беларускi хрысцiянска-дэмакратычны рух узнiк на пачатку XX стагоддзя ў асяроддзi слухачоў Пецярбургскай духоўнай акадэмii ды Вiленскай духоўнай семiнарыi. 24-26 траўня 1917 г. у Менскім кафедральным касьцёле адбыўся з’езд беларускага каталіцкага духавенства, на якім сабраліся 30 чалавек. Арганізатарамі з’езда былі ксяндзы-заснавальнікі БХД Вінцэнт Гадлеўскі, Адам Станкевіч, Фабіян Абрантовіч і іншыя. Менскі з’езд завяршыў стварэнне хрысціняска-дэмакратычнай партыі, якая атрымала назву Беларуская Хрысціянска-Дэмакратычная Злучнасць (БХДЗ), якая ў хуткім часе займела назву Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя.

 

Прадстаўнікі партыі ўваходзілі ў Беларускі нацыянальны камітэт, а потым і ў Вялікую Беларускую раду. БХДЗ вітала акт 25 сакавіка 1918 году, які абвяшчаў незалежнасць Беларусі. БХД арыентавалася на эвалюцыйны шлях развіцьця грамадства і парламэнцкія формы барацьбы, выступала супраць таталітарызму — фашызму і бальшавізму.

 

Пасля Рыжскай змовы (1921) Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя працягвала дзейнасьць на тэрыторыі Заходняй Беларусі, якая адышла да Польшчы (сядзіба партыі знаходзілася ў Вільні). Партыя пашырала нацыянальную свядомасць сярод беларускага насельніцтва вёсак і мястэчкаў, заклікала адстойваць права на беларускую мову ў школах і ў рэлігійным жыцці.

 

Для ўзмацнення свайго ўплыву сярод сялянаў хрысціянскія дэмакраты заклалі ў 1926 годзе ў Вільні Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры. Выдаваўся друкаваны орган БХД – газэта “Крыніца”, рэдагаваная Адамам Станкевічам. Лідэр БХД кс. Адам Станкевіч быў таксама дэпутатам (паслом) Польскага Сойму і намеснікам старшыні Беларускага Пасольскага Клюбу (беларускай фракцыі ў Сойме).

 

У лістападзе 1927 г. у Вiльнi хадэцкiя актывiсты, што гуртавалiся вакол выдаванай Адамам Станкевiчам газеты “Беларуская Крынiца”, правялi ўстаноўчы сход партыi “Беларуская Хрысцiянская Дэмакратыя”. “Мы, хрысцiяне, а знача — дэмакраты. Хрысцiянiн не можа не быць дэмакратам, бо хрысцiянства прызнае i шануе людскiя правы кожнай адзiнкi i кожнага народу, а такжа брацтва людзей i народаў”, — сцвярджалася ў праграме партыi.

 

Менавiта БХД, пераняўшы эстафету ад БНР, у мiжчассi двух сусветных войнаў адстойвала тыя каштоўнасцi, якiя пазней уздымуць на сцяг беларускія адраджэнцы канца 80 – пачатку 90-х г.г. —  незалежнасць, свабоду, праўду, справядлiвасць i духоўнае Адраджэнне.

 

Паглынанне Савецкiм Саюзам Заходняй Беларусi, вайна ды сталiнiзм перапынiлi традыцыю хрысцiянскай дэмакратыi да канца XX стагоддзя. Пасля далучэньня ў верасні 1939 году Заходняй Беларусі да СССР дзейнасць партыяў была забароненая, многія хрысціянскія дэмакраты былі рэпрэсаваныя (сярод іх Янка Пазняк, Адам Станкевіч, Станіслаў Грынкевіч, Фабіян Абрантовіч, Янка Шутовіч, Язэп Германовіч, Андрэй Цікота), некаторыя пэўны час як маглі, працягвалі працу на карысць Бацькаўшчыны, іншыя выехалі за мяжу. Лідэр БХД а. Вінцэнт Гадлеўскі і іншыя ксяндзы і прыхільнікі БХД былі закатаваныя фашыстамі падчас Другой Сусьветнай Вайны. Адраджацца Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя пачатала толькі пасля распаду СССР у 1990-х гадах.

 

Кіраўнікі БХД: у першым шэрагу — А. Станкевіч, Я. Германовіч, В. Гадлеўскі. У другім шэрагу — Леваш, С. Глякоўскі

 

Болей навін