Павал Севярынец: тыя, хто вяртаецца ў Беларусь, – героі
Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павал Севярынец, які за падзеі 19 сьнежня 2010 года адбывае трохгадовае абмежаванне волі ў Берасцейскай вобласці, кажа, што не спяшаўся б з заклікам да палітэмігрантаў вяртацца ў Беларусь .
– Вярнуўся Юрась Карэтнікаў (кіраўнік “Правага альянсу”, які доўгі час жыў ва Украіне – “Заўтра тваёй краіны”) і адразу ж атрымаў 10 сутак. І пра тое, што адбываецца з ім цяпер, мы зможам даведацца толькі пасля яго выхаду. Вельмі спадзяюся, што гэты выхад будзе, – адзначае палітык. – Вось чаму я б не раіў так рызыкаваць, асабліва ва ўмовах цяперашніх палітычных “замаразкаў”. Але ёсць такія людзі, для якіх з’яўляецца прынцыповым заставацца ў Беларусі, калі ёй цяжка і балюча. Такую пазіцыю я паважаю, і тых, хто вяртаецца, лічу героямі.
Па словах Паўла Севярынца, як паказвае практыка, беларусы могуць вельмі добра дапамагаць Беларусі, і знаходзячыся ў замежжы.
– Можна ўзяць любое стагоддзе беларускай гісторыі. Былі людзі, якія з’язджалі падчас акупацыі і праслаўлялі і Беларусь, і беларускую ідэю. Я не бачу праблемы ў тым, каб працаваць на Беларусь за яе межамі, – адзначае сустаршыня БХД. – Напрыклад, Беларускі дом у Варшаве, Беларускі цэнтр у Кіеве, у Вільні, у Львове – гэта ўсё з’явілася пры садзейнічанні тых, хто з’ехаў пасля Плошчы. Гэта можа быць цэлы пояс такіх цэнтраў беларускай самаідэнтыфікацыі ў рэгіёне. Я ўжо не згадваю шматлікія публікацыі, акцыі, падтрымку, якія арганізоўваюць людзі, якія ў свой час з’ехалі з Беларусі.