Менскі гарадскі суд адмовіўся адмяніць прысуд Паўлу Севярынцу (фота)
Старшыня Менскага гарадскога суду Уладзімір Пуціла адмовіў адвакату сустаршыні БХД Паўла Севярынца Вадзіму Мушынскаму ў адмене прысуду яго падабароннаму, які за мірную акцыю пратэсту 19 снежня 2010 года быў асуджаны на 3 гады “хіміі”.
У пастанове паведамляецца:
“Сваю выснову пра наяўнасць у дзеяннх Севярынца складу злачынства суд першай інстанцыі годным чынам матываваў у прысудзе.
Прыведзеная ў судзе адзнака ўсталяваных фактычных абставінаў здзяйснення злачынства, паводле тых матэрыялаў, што маюцца ў справе, з’яўляецца вернай, дзеянні Севярынца кваліфікаваныя судом паводле ч.1 арт. 342 КК.
Довады, аналагічныя пададзеным у скарзе, былі прадметам судовай праверкі і ім дадзена годная адзнака ў прысудзе і касацыйным вызначэнні.
Судовае следства праведзенае судом усебакова і поўна.
Пакаранне прызначана Севярынцу з улікам характару і ступені грамадскай небяспекі ўчыненага, дадзеных пра асобу, іншых канкрэтных абставінаў справы, з’яўляецца суразмерным учыненаму і адпавядае мэтам крымінальнай адказнасці.
У сувязі з пазначаным, падставаў для прынясення пратэсту на прадмет адмены судовых пастаноў, якія адбыліся па справе, няма”.