Валянціна Якаўлева: пяць пытанняў да суду аб тэракце ў менскім метро
Актывістка аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Валянціна Якаўлева, якая 23 жніўня прысутнічала на судзе па справе тэракту ў менскім метро 11 красавіка, падзялілася з прэсавай службай БХД сваімі меркаваннямі пра суд.
“23 жніўня была на судовым пасяджэнні. Апытваліся пацярпелыя сведкі, а таксама дэманстравалася відэаздымка з метро у дзень тэракту, якая з’яўляецца неабвержным доказам датычнасці абвінавачаных да гэтага тэракту.
Пасля наведвання гэтага судовага разбору ў мяне ўзніклі пытанні:
1. Чаму самымі маладымі, а значыць і неспрактыкаванымі сярод удзельнікаў судовага разбіральніцтва былі пракурор і адвакат, як раз такі тыя, хто павінны быць у такой складанай справе шматдосведнымі?
2. Чаму матэрыяльная кампенсацыя выплачана не ўсім пацярпелым?
3. Чаму пытанне, якой меры пакарання Вы б аддалі перавагу ў дачыненні да гэтых пакуль яшчэ толькі абвінавачаных, задавалася тым сведкам, у каго асабліва цяжка і жорстка пацярпелі блізкія?
4. Чаму пры праглядзе відэапацверджання вінаватасці затрыманых Канавалава Д. і Кавалёва У. кадры з невыразнымі індывідуальна мужчынскімі сілуэтамі не павялічваліся па просьбе прысутных для поўнай пераканаўчасці, а таксама не пыталіся пацверджання асобы на відэакадрах ў саміх абвінавачаных?
5. Колькі ні ўглядалася ў відэакадры з метро у дзень тэракту, не змагла выявіць ні адной лаўкі, якія былі прыбраныя ўжо пасля выбуху, нават на ст. м. «Фрунзенская». Можа быць, іх разгледзеў той, у каго добры зрок? У мяне ён не вельмі.
Дарэчы, замест старых лавак можна было б паставіць якія-небудзь добра прагледжваемыя (з якога-небудзь празрыстага матэрыялу, напрыклад). Без іх вельмі нязручна і цяжка”.