Актывісты БХД усталявалі крыж у “гомельскіх курапатах” (фота)
Тры гады таму салдаты 52-га пошукавага батальёна Міністэрствы абароны знайшлі непадалёк ад усталяванага сёньня крыжа парэшткі 70 расстраляных чалавек. Пракуратура ня вызначыла дакладна час расстрэлу ахвяраў. Аднак жыхары бліжэйшых вёсак сьведчаць, што менавіта ў 30-я гады тут расстрэльвалі мірных жыхароў, якія траплялі ў засьценкі тагачаснага Наркамату ўнутраных спраў.
На жалобным месцы ўсталяваны крыж і памятны камень з надпісам: «Тваім пакутнікам, Беларусь». Мэтраў за чатырыста ад яго, акурат на ростані лясных дарог, паўстаў сёньня яшчэ адзін крыж.
За ўсталяваньнем крыжа назіралі з машыны людзі ў цывільным, а на выезьдзе зь лесу аўтамашыны актывістаў правяралі й перапісвалі супрацоўнікі абласной аўтаінспэкцыі.