Віталь Рымашэўскі: удзел у выбарах без змены сітуацыі роўны здрадзе!

09 лістапада 2011 13:49  |  Палітыка

Лідэр БХД Віталь Рымашэўскі лічыць, што ўлада хоча праверыць рэакцыю як унутры краіны, так і на Захадзе на з’яўленне інфармацыі аб магчымасці правядзення парламенцкіх выбараў датэрмінова. Ён сказаў, што ўдзел у выбарах у сённяшняй сітуацыі раўнасільны здрадзе. Інфармацыю аб датэрміновых выбарах апублікаваў расійскі “Коммерсант”, а беларускі ЦВК яе абверг.


– Як вы думаеце, адкуль з’явілася інфармацыя аб магчымасці датэрміновых выбараў? Каму выгаднае яе з’яўленне? 

– Зліў дадзенай інфармацыі звязаны з тым, што ўлада хоча прасачыць рэакцыю на яе, як унутры краіны, так і на Захадзе. Зразумела, што рашэнне аб даце правядзення выбараў, прымае не парламент, а кіруючая група людзей. Я думаю, што дакладная дата пакуль не вядомая. 

– Ці будзе БХД ўдзельнічаць у выбарах? 

– Чым раней прызначаць выбары, тым большая верагоднасць іх байкоту. Павінна змяніцца выбарчае заканадаўства і ўмовы іх правядзення. Кааліцыя 6 апазіцыйных сіл сыходзіцца ў сваіх поглядах па гэтым пытанні. Павінны быць усе партыі і рухі. Гэта і БХД і праваабарончы цэнтр, які заўсёды ўважліва сочыць за ходам правядзення выбараў. Варта даць свабоду СМІ. У сённяшняй сітуацыі, калі не выпушчаныя палітвязні, калі праходзіць суд над праваабаронцам Алесем Бяляцкім, удзел у выбарах раўнасільна здрадзе, – сказаў Віталь Рымашэўскі ў інтэрв’ю “Беларускаму партызану”. 

 

У інтэрв’ю UDF.BY сустаршыня БХД выказаў меркаванне, што ўдзел у выбарах не будзе мець сэнсу, калі ўлады не пойдуць на лібералізацыю. “Мы павінны мець магчымасць для легальнай дзейнасці, павінны мець магчымасць для афіцыйнай рэгістрацыі ў Міністэрстве юстыцыі. Самі выбары павінны быць празрыстымі – павінен быць забяспечаны справядлівы падлік галасоў, роўныя ўмовы для вядзення агітацыі. Без гэтага ўсяго ўдзел у якіхсьці выбарах – бессэнсоўны”, – сказаў палітык.

Болей навін