Першая супольная малітва за Беларусь у Вільні (Фота)

12 лістапада 2011 00:58  |  Галоўныя навіны

11 лістапада, з ініцыятывы сябраў аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” ў Вільні прайшла першая малітоўная акцыя за Беларусь і вызваленне палітвязняў. Акцыя была арганізаваная пры дапамозе Грамадскага і палітычнага прадстаўніцтва Беларусі ў Літве. Таксама ўдзел у ёй узялі прадстаўнікі Аб’яднанай грамадзянскай партыі і Таварыства беларускай культуры ў Літве.

 

Акцыя праходзіла ў Базыльянскіх мурах на прыступках былой Віленскай беларускай гімназіі. Удзельнікі запалілі знічы ў форме крыжа, разгарнулі бел-чырвона-белы сцяг і партрэты палітвязняў. Нечакана для ўсіх да малітвы за Беларусь далучыліся ўдзельнікі Катынскага рэйду з Польшчы. 

 

Сябра Нацыянальнай Рады БХД, ініцыятарка акцыі Валерыя Чарнаморцава распавяла ўдзельнікам малітвы пра сітуацыю з беларускімі палітвязнямі і прапанавала памаліцца за іх вызваленне, а таксама за вызваленне Беларусі ад камунізму і лукашызму. Малітоўная акцыя распачалася з малітвы “Ойча наш” і скончылася беларускім рэлігійным гімнам “Магутны Божа”.

 

Пасля сканчэння ўдзельнікі акцыі паставілі знічы да памятных шыльдаў аднаму з заснавальнікаў БХД ксяндзу Адаму Станкевічу, пісьменніку Максіму Гарэцкаму і аўтарцы гімну “Магутны Божа” Наталлі Арсенневай.

 

“Гэта першая малітва за Беларусь, якая прайшла ў Вільні. У Беларусі падобныя малітоўныя акцыі штодня праходзяць у Менску ля Чырвонага касцёла, а таксама штотыднёва ладзяцца ў Віцебску, Горадні, Гомелі і іншых гарадах Беларусі, а з нядаўняга часу і ў Варшаве. Спадзяюся, што сённяшняя акцыя стане пачаткам рэгулярных малітваў за Беларусь і ў Вільні, гэтым святым для кожнага сапраўднага беларуса горадзе”, – адзначыла Валерыя Чарнаморцава.

 

Нагадаем, ініцыятыва штопятнічнай малітвы за Беларусь распачалася яшчэ напярэдадні пазамінулых выбараў 2006 года. А ў Менску 19 студзеня, праз месяц пасля разгону акцыі пратэсту на Плошчы Незалежнасці, стыхійна ўзнікла ініцыятыва штодзённай малітоўнай акцыі ля Чырвонага касцёла. З гэтага часу кожны дзень а 20-й гадзіне там збіраюцца людзі са свечкамі, кветкамі і партрэтамі палітвязняў, спяваюць і моляцца, запальваюць знічкі і ставяць іх ля скульптуры арханёла Міхаіла. 

 

Першая супольная малітва за Беларусь у Вільні (Фота)

Першая супольная малітва за Беларусь у Вільні (Фота)

Першая супольная малітва за Беларусь у Вільні (Фота)
Першая супольная малітва за Беларусь у Вільні (Фота)

Першая супольная малітва за Беларусь у Вільні (Фота)

Першая супольная малітва за Беларусь у Вільні (Фота)

Першая супольная малітва за Беларусь у Вільні (Фота)

Болей навін