У Берасці маліліся за Беларусь (Абноўлена, Аўдыё)
Берасцейцы розных канфесіяў аб’ядналіся для ўдзелу ў нацыянальнай акцыі “Малітва за Беларусь”. Такія малітоўныя акцыі будуць правозіцца ў Берасці штопятніцу а 21-й гадзіне.
Мерапрыемства адбылося ў горадзе над Бугам ужо ў другі раз. Акцыя сабрала 20 чалавек. Памаліліся прысутныя ў тым ліку і за хутчэйшае вызваленне ўсіх палітвязняў. Арганізатары ўпэўненыя, што бяспечны фармат штопятнічнай сустрэчы дазволіць сабраць разам усё больш і больш людзей.
Адзін з ініцыятараў Малітвы за Беларусь ў Берасці, актывіст БХД Алесь Змагар лічыць, што толькі так можна неяк змяніць сітуацыю ў краіне:
– Гэта не проста пазыў сэрца. Гэта, нават, крык душы. Таму асабліва сёння, гледзячы на тое, што адбываецца ў нашай краіне, нельга быць абыякавым. Таму гэта сапраўды можа крык душы, які выходзіць адтуль, з глыбіні нашай душы, нашага сэрца. Ён накіраваны да Бога. Бо я лічу, што сёння толькі ён можа змяніць гэту сітуацыю.
Берасцейскі каардынатар БХД Зміцер Шурхай упэўнены, ніякіх абмежаванняў у малітве няма:
– Збіраюцца на малітву вернікі розных канфесій, праваслаўныя, католікі, пратэстанты, якія разам моляцца за Беларусь. Малітва за нашу краіну, за наш народ. Мы молімся і за наш урад і за палітзняволеных. Запрашаем усіх людзей, якія маюць у сэрцы такое жаданне.
Нагадаем, што 11 лістапада, з ініцыятывы сябраў аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” ў Вільні прайшла першая малітоўная акцыя за Беларусь і вызваленне палітвязняў. У Беларусі падобныя малітоўныя акцыі штодня праходзяць а 20-й гадзіне ў Менску ля Чырвонага касцёла, а таксама штотыднёва ладзяцца ў Віцебску, Горадні, Гомелі і іншых гарадах Беларусі, а з нядаўняга часу і ў Варшаве.
Паводле Еўрапейскае радыё для Беларусі і Радыё Рацыі