Міліцыя пакрывае злачынцаў?

14 лістапада 2011 11:53  |  Галоўныя навіны

Аргкамітэт па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” патрабуе судовага разбіральніцтва ў сувязі з інфармацыяй аб збіцці міліцыянтамі верніка Філіпа Кірдуна, які адмовіўся праходзіць дактыласкапію.

 

У выпадку, калі дадзеныя звесткі пацвердзяцца, аргкамітэт БХД патрабуе пакараць вінаватых у збіцці маладога чалавека. Мы лічым падобныя дзеянні абуральнымі, што яны парушаюць усе нормы права, маралі і этыкі. Аргкамітэт БХД бярэ дадзеную справу пад свой кантроль і заяўляе аб недапушчальнасці прававога беспрадзелу ў Беларусі.

 

Мы таксама адзначаем, што суд хавае дадзеную справу ад грамадскасці, а міліцыя пакрывае асобаў, якія могуць быць вінаватымі ў збіцці Філіпа Кірдуна. Аргкамітэт БХД заклікае журналістаў і СМІ асвятляць суд над збітым хлопцам. Разам з тым, на нашу думку, суд пройдзе за зачыненымі дзвярмі.

 

“У Беларусі даўно не працуюць ніякія наглядныя органы, якія кантралююць дзейнасць праваахоўных структураў. Адзіным фактарам, які можа абараніць грамадзянаў і стрымаць здзекі, з’яўляецца сумленнасць міліцыянтаў. Ад прадстаўнікоў праваахоўчых органаў я неаднаразова чуў пра іх незадаволенасць дзейсным рэжымам, што імі грэбуюць і пагарджаюць. Але дадзеная інфармацыя вельмі моцна кампраметуе ўсе праваахоўныя органы Беларусі і ставіць іх у адзін шэраг з гестапа і сталінскім НКВД, якія беспакарана гвалцілі, збівалі і забівалі людзей”, – адзначыў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.

 

Палітыка, які прыехаў да суду Фрунзенскага раёна, каб падтрымаць верніка, у будынак суду не пусцілі. Разам з тым у судзе зараз знаходзяцца бацькі Філіпа Кірдуна і юрыст Сяргей Луканін.

 

“Дзе зараз знаходзіцца Філіп невядома. У Фрунзенскім РАУС нам 40 хвілін таму паведамілі, што яго накіравалі ў суд Фрунзенскага раёна. Але ў судзе кажуць, што яго яшчэ не прывезлі. Неўзабаве павінен пачацца працэс. Бацькі хлопца ўжо заключылі дамову з адвакатам”, – адзначыў прэсавай службе БХД Сяргей Луканін.

Болей навін