Кардынал Кох ў Менску: ва ўмовах палітычнай дыктатуры людзі прагнуць справядлівых судоў
“Людзі, якія жывуць ва ўмовах палітычнай дыктатуры, на ўласным прыкладзе зьведалі, што значыць ня мець судзьдзі”. Гэтыя словы старшыні Папскай рады спрыяньня хрысьціянскаму адзінству кардынала Курта Коха прагучалі 13 лістапада падчас нядзельнай Імшы ў катэдральным касьцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Менску.
Падчас літургіі герарх прамовіў гамілію, у якой паспрабаваў адказаць на пытаньне: як суаднесьці Апошні суд Божы ў канцы часоў з Эвангельлем, якое кажа, што Бог – гэта любоў? Кардынал Кох падкрэсьліў, што для людзей, якія жывуць “ва ўмовах дыктатуры толькі сьвецкія суды, арыентаваныя на Бога, ёсьць суцяшэньнем і надзеяй”.
Як падае Радыё Ватыкан, кардынал Кох сьцвердзіў натуральную патрэбу людзей у справядлівых сьвецкіх судовых інстытутах. “Людзі, якія жывуць ва ўмовах палітычнай дыктатуры, на ўласным прыкладзе зьведалі, што значыць ня мець судзьдзі”, – сказаў герарх і дадаў, што такія людзі, асабліва бедныя і вельмі жадаюць, каб у сьвеце, зь міласьці Божай, пачала панаваць справядлівасьць.
“У сусьветнай юрыспрудэнцыі павінна быць арыентацыя на Бога як на апошняга судзьдзю”, – адзначыў кардынал. Па-за гэтай трансцэндэнтнай плоскасьцю любая юрыдычная практыка вельмі слабая і няўстойлівая.
Кардынал Кох зьвярнуў увагу на разуменьне важнасьці Божага Суду. Герарх адзначыў, што яго існаваньне зьяўляецца для людзей дабраслаўленьнем:
“Калі чалавек зь яго сусьветам пры канцы ня быў бы ацэнены і не асуджаны Богам, гэта азначала б жахлівую няўвагу і абыякавасьць Бога да створанага ім чалавека. Тады б ўсё засталося ў цемры, ці, што яшчэ жахлівей, у змрочным сьвеце ілжы… Тое ж, што ўся ўсясьветная гісторыя будзе ацэнена і асуджана Богам, азначае, што Бог трактуе яе сур’ёзна ды з павагай”.
Кардынал Курт Кох прыбыў у Менск ўвечары 12 лістапада на запрашэньне Мітрапаліта Менскага і Слуцкага Філарэта, Патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі. Каталіцкі герарх бярэ ўдзел у трохдзённай экуменічнай канфэрэнцыі на тэму “Праваслаўна-каталіцкі дыялёг: хрысьціянскія этычныя каштоўнасьці як унёсак у сацыяльнае жыцьцё Эўропы”, якая адбываецца ў Менску 13-15 лістапада.