Забойства абвінавачаных у тэрарызме павялічыць варожасць у грамадстве
Аргкамітэт па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” заяўляе, што ва ўмовах недаверу абсалютнай большасці беларускага грамадства да судовай сістэмы краіны смяротны прысуд фігурантам “справы аб тэрактах” спародзіць яшчэ большую варожасць у грамадстве.
Сёння беларускае грамадства не давярае судовай сістэме, не верыць у справядлівасць судоў. Таму забойства ўладамі так званых “тэрарыстаў”, вінаватасць якіх застаецца пад вялікім сумневам, будзе адназначна ўспрынята як утойванне ўладамі слядоў злачынства. Гэта спрычыніцца да нагнятання яшчэ большай канфрантацыі і варожасці ў краіне.
Аргкамітэт БХД выступае катэгарчына супраць практыкі смяротнага пакарання ў Беларусі. Чарговы смяротны прысуд будзе адмоўна ўспрыняты міжнароднай супольнасцю. Наша краіна з’яўляецца апошняй у Еўропе, дзе ўзаконена забойства людзей. Тым больш страшна, што гэтае забойства чыніцца ад імя кожнага беларуса.
“Беларускія ўлады за апошні год зрабілі вельмі шмат бязглуздых памылак, якія падарвалі да іх давер народу і міжнароднай супольнасці. Сёння афіцыйнай версіі не вераць абсалютная большасць беларусаў, яны звязваюць тэракты не з абвінавачанымі, а з уладамі. Смяротныя прысуды абвінавачаным толькі ўзмоцняць гэты недавер. Я лічу, што іх забойства нельга дапусціць”, – адзначыў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.
Нагадаем, што суд над авбінавачынамі ў тэрактах Уладзіславам Кавалёвым і Дзмітрыем Канавалавым выклікае вялікую колькасць пытанняў. Так, актывістка БХД Валянціна Якаўлева, якая 23 жніўня прысутнічала на судзе, падзялілася з прэсавай службай БХД сваімі меркаваннямі пра працэс. Разам з тым 14 лістапада пракурор запатрабаваў вынесці абвінавачаным смяротны прысуд.