Яўген Васьковіч ужо месяц знаходзіцца ў карцары

15 лістапада 2011 11:17  |  Палітыка

Актывіст аргкамітэту Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Яўген Васьковіч ужо напрацягу месяцу знаходзіцца ў штрафным ізалятары турмы № 4 Магілёва. Аб гэтым ён 11 лістапада распавёў свайму адвакату.

 

У карцар Яўгена Васьковіча змясцілі яшчэ 19 кастрычніка. З таго часу яму двойчы працягвалі знаходжанне ў ШІЗА, апошні раз – на 10 дзён за тое, што ён адмовіўся павярнуцца да сценкі падчас сну. Калі турэмныя ўлады не прыдумаюць новага пакарання, 19 лістапада актывіст павінен выйсці з карцара.

 

Яўген Васьковіч таксама пацвердзіў, што 30 ліпеня да яго прыходзілі “паразмаўляць” прадстаўнікі КДБ. Больш з таго моманту яны да яго не прыходзілі.

 

Пачуваецца Яўген бадзёра, турбуецца за родных. Ён перадаваў прывітанне ўсім сваім знаёмым і сваякам, а таксама дзякаваў за падтрымку.

 

У ноч з 16 на 17 кастрычніка 2010 году ў Бабруйску зрабілі напад на будынак КДБ. Яўгена Васьковіча затрымалі 17 студзеня ў Магілёве на наступны дзень пасьля яго ўдзелу ў акцыі салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі. Пракурор даводзіла, што дзеяньні падсудных маглі прывесьці да зьнішчэньня ўсяго будынка КДБ. Страты маглі скласьці блізу двух мільярдаў рублёў. Рэальныя ж страты ад нападу склалі 253 тысячы рублёў, і гэтыя грошы ўжо выплацілі. Яўген Васьковіч заявіў, што не шкадуе аб учыненым. Ён назваў сябе ліцьвінам і дадаў, што яго сьвяты абавязак — бараніць нацыянальныя беларускія каштоўнасьці. “За іх я ўмерці гатовы, бо жыцьцё кароткае, а радзіма вечная”, казаў хлопец. Яго не спалохаюць цяжкасьці, і ён з годнасьцю іх пройдзе. Скончыў свой кароткі выступ Васьковіч воклічам: “Жыве Беларусь!”. Яўгена Васьковіча суд прысудзіў да сямі год зьняволеньня калёніі ўзмоцненага рэжыму.

 

Хаця хрысьціянскія дэмакраты не падтрымліваюць анархічных мэтадаў, наш абавязак – маліцца за Яўгена, дапамагаць яму і ягоным родным дзеля таго, каб малады хлопец мог зразумець: “ня будзь пераможаны злом, а перамагай зло дабром” (Рым., 12:21).

 

БХД заклікае дасылаць палітвязьню лісты са словамі зь Пісаньня. “Неабходна падтрымаць, бо гэта крытая турма. Гэта цяжка і надоўга”, – адзначыў сустаршыня БХД Павал Севярынец.

 

Лісты падтрымкі неабходна пісаць на адрэсу: турма № 4, 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А.

Болей навін