Сяргей Луканін: на судзе над вернікам міліцыянты супярэчаць адзін аднаму

15 лістапада 2011 12:42  |  Палітыка

На судзе над вернікам Філіпам Кірдуном, якога за адмову здаць адбіткі пальцаў збілі ў міліцыі, паказанні сведак-міліцыянтаў супярэчаць адно аднаму. Пра гэта прэсавай службе БХД паведаміў юрыст Сяргей Луканін, які 15 лістапада прысутнічаў на судзе.

 

Паводле яго словаў, сведкамі на судзе з’яўляюцца 3 мужчыны і 1 жанчына – усе міліцыянты. Двое з іх паведамілі, што 12 лістапада у 17:30 Філіп Кірдун добраахвотна прайшоў дактыласкапію, пасля чаго пачаў лаяцца матам, абражаць міліцыянтаў і прэзідэнта. За гэта, паводле іх словаў, яго і затрымалі.

 

Разам з тым дзяжурны распавёў, што верніка прывялі ў дзяжурную частку толькі ў 20:00, што зафіксавана дакументальна. “Узнікае пытанне, дзе 2,5 гадзіны быў Філіп? Што з ім рабілі?”, – задаўся пытаннем Сяргей Луканін.

 

“Міліцыянты кажуць, што хлопца адразу ж прывялі ў дзяжурную частку, што супярэчыць пратаколу. Жанчына адзначыла, што яна Філіпу 2,5 гадзіны тлумачыла яму, чаму ён павінен здаць адбіткі пальцаў. Відавочна, што яны хлусяць. Міліцыянты не дамовіліся, што казаць, і таму блытаюцца ў сваіх паказаннях”, – падкрэсліў юрыст.

 

Пры гэтым Філіп Кірдун паведаміў, што 2,5 гадзіны ляжаў на падлозе ў кайданках у позе “ластаўкі”. У яго збіты да крыві рукі. У судзе да 9:00 16 лістапада абвешчаны перапынак.

 

Нагадаем, што аргкамітэт па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” патрабуе судовага разбіральніцтва ў сувязі з інфармацыяй аб збіцці міліцыянтамі верніка. У выпадку, калі дадзеныя звесткі пацвердзяцца, БХД патрабуе пакараць вінаватых у збіцці маладога чалавека. Мы лічым падобныя дзеянні абуральнымі, што яны парушаюць усе нормы права, маралі і этыкі. Аргкамітэт БХД бярэ дадзеную справу пад свой кантроль і заяўляе аб недапушчальнасці прававога беспрадзелу ў Беларусі.

Болей навін