Міліцыя абяцае разганяць малітоўныя акцыі ў Менску
Міліцыя паабяцала разганяць штодзённыя малітоўныя акцыі на Кастрычніцкай плошчы Менска. Пра гэта 14 лістапада заявіў начальнік Цэнтральнага РАУС Менска Віктар Радзевіч.
“Мы ўжо больш за тыдзень штодня а 19-й гадзіне молімся на ружанцы за Беларусь і вызваленне палітвязняў на Кастрычніцкай плошчы. Засўсёды нас аточваюць каля 20 міліцыянтаў у цывільным. Раней нас проста прасілі не запальваць знічы, але ўчора нас было дзесяць чалавек і гэта раз’юшыла міліцыянтаў. Да нас падышоў Радзевіч і сказаў, што “гэты цырк” быў апошні раз”, – паведаміла прэсавай службе БХД ініцыятарка акцыі, парафіянка Чырвонага касцёла Юлія Фралова.
“Мы не збіраемся адмаўляцца ад малітвы на Кастрычніцкай плошчы. І сёння мы ўсё адно выйдзем туды а 19-й гадзіне, каб памаліцца за Беларусь”, – паведаміла яна.
Нагадаем, што 11 лістапада, з ініцыятывы сябраў аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” ў Вільні прайшла першая малітоўная акцыя за Беларусь і вызваленне палітвязняў. У Беларусі падобныя малітоўныя акцыі штодня праходзяць а 20-й гадзіне ў Менску ля Чырвонага касцёла, а таксама штотыднёва ладзяцца ў Віцебску, Горадні, Гомелі, Берасці і іншых гарадах Беларусі, а з нядаўняга часу і ў Варшаве.