За малітву на Кастрычніцкай 5 сутак і штраф (Абноўлена)

17 лістапада 2011 15:36  |  Галоўныя навіны

16 лістапада на Кастрычніцкай плошчы Менска а 19-й гадзіне затрыманыя вернікі і грамадскія актывісты, якія прыйшлі памаліцца за Беларусь і палітвязняў. Сярод затрыманых Ганна Шапуцька, Таццяна Кім, Алесь Макаеў, Ніна Багінская і яшчэ 3 чалавекі. Затрыманых завезлі ў Цэнтральны РАЎС, мужчынаў вазілі на медыцынскі агляд. А 22-й  жанчын выпусцілі без складання пратакола, канфіскаваўшы ў іх самаробныя бел-чырвона-белыя шалікі. Прадпрымальніка Алеся Макаева і выпадковага мінака Аляксандра Кальянава затрымалі на нач і асудзілі.

 

Пасля 15-00 17 лістапада затрыманых напярэдадні Макаева і Кальянава, якія правялі ноч у ЦІПе на Акрэсціна, нарэшце прывезлі ў суд Цэнтральнага раёна Менска. Спачатку суд быў закрытым, але пасля пратэстаў актывістаў і журналістаў працэс перанеслі ў судовую залу. Абодвух затрыманых абвінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы паводле артыкулу 17.1 КаАП РБ (дробнае хуліганства). Справы разглядаў суддзя Аляксандр Якунчыхін. Сведкамі выступалі міліцыянты, якія іх затрымлівалі. Макаева асудзілі на 5 сутак адміністратыўнага арышту, а Кальянаву прысуджаны штраф у 5 базавых велічынь.

 

Пра затрыманне па мабільным тэлефоне паведаміла прэс-службе БХД сама Ганна Шапуцька. Спачатку яна паведаміла, што ім не даюць сабрацца для малітвы каля дзясятка супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным на чале з палкоўнікам менскай міліцыі Ігарам Яўсеевым, таму яны накіроўваюцца з Кастрычніцкай да Чырвонага касцёла. А праз 5 хвілінаў яна ўжо патэлефанавала з аўтобуса, і паведаміла, што іх затрымалі на выхадзе з плошчы.

 

Акрамя пералічаных асобаў былі затрыманыя таксама Наталля Баярын, Алена Талстая і выпадковы мінак Аляксандр Кальянаў. 

 

Калі Ганны Шапуцькі Віктар разам з іншымі актывістамі, сябрамі БХД прыехаў у Цэнтральны РАУС, каб даведацца пра жонку і іншых затрыманых, яму не далі ніякай інфармацыі. Адзін з міліцыянтаў увогуле заявіў, што ён тут выпадкова, проста прыйшоў адпачыць. Пазней да актывістаў выйшаў намеснік начальніка гэтага РАУСа Шахрай Артур Віктаравіч, які заявіў, што затрыманых на Кастрычніцкай тут няма, і выгнаў усіх з памяшкання РАУСа.

 

Пасля 21-00 да будынка РАУСа пад’ехала машына, з якой вывелі Алеся Макаева і іншага затрыманага выпадкова хлопца. Іх завялі ўнутр. Па шляху Макаеў паспеў паведаміць, што іх вазілі на медыцынскі агляд.

 

У 21-30 пачалі выпускаць жанчынаў. Першай выпусцілі сябра БХД Алену Талстую, якую раней не затрымлівалі. Прэс-службе БХД яна паведаміла, што жанчыны ў РАУСе стаяць ля сцяны і моляцца: “Нас паставілі да сцяны, не дазвалялі сядзець і размаўляць. Мы пачалі маліцца і спяваць. Гучна спяваць таксама забаранілі. Таццяна Кім місіянерствуе міліцыянтам, а таксама распавядае пра гісторыю Беларусі, пра Слуцкі збройны чын”.

 

Каля 22-й гадзіны будынку Цэнтральнага РАУСа па чарзе выпусцілі Таццяну Кім і Наталю Баярын. Жанчынаў выпускаюць без складання пратакола. У пастарунку застаюцца Ганна Шапуцька і Ніна Багінская.

 

У 22-20 без складання пратаколаў выпушчаныя ўсе жанчыны. Але пры праверцы асабістых рэчаў высветлілася, што ў іх былі скрадзеныя бел-чырвона-белыя шалікі. З гэтай нагоды Ганна Шапуцька распавяла прэс-службе БХД наступнае:

 

“Гэта проста крадзеж. У нас з торбаў выцягнулі нашыя асабістыя рэчы. Прычым у пакоі, дзе трымалі нас і нашыя рэчы, у гэты час акрамя міліцыянтаў нікога не было. У мяне з торбы выцягнулі 2 прыгожыя шалікі, якія нам падаравалі заўзятары. У Таццяны Кім – атласны самаробны шалік, а ў спадарыні Ніны Багінскай – вялізны бел-чырвона-белы цёплы шалік, які яна сама вязала некалькі дзён. Мы з гэтай нагоды патэлефанавалі дзяжурнаму па горадзе. Ён параіў застацца і адразу напісаць заяву. Таму мы пакуль тут, ля РАУСа, спрабуем дамагчыся вяртання нашых рэчаў”.

 

Жанчыны дзяжурылі ля РАУСа да паўночы, але прадпрымальніка Алеся Макаева і выпадковага мінака Аляксандра Кальянава так і не выпусцілі. Верагодна, на іх склалі адміністратыўныя пратаколы і ў сераду 17 лістапада мусяць судзіць у судзе Цэнтральнага раёна Менска (ул. Кирова, 21). Паводле інфармацыі праваабаронцаў, ноч затрыманыя правялі ў спецпрыёмніку на Акрэсціна. Хаця ні ў Цэнтральным РАУСе, ні на Акрэсціна ніякай інфармацыі пра іх не даюць.

 

Нагадаем, што ўжо больш за тыдзень актывісты і вернікі а 19-й збіраліся на Кастрычніцкай і маліліся на ружанцы за Беларусь і вызваленне палітвязняў, а затым ішлі на традыцыйную малітву да Чырвонага касцёла. Міліцыя паабяцала разганяць гэтыя малітоўныя акцыі. Пра гэта 14 лістапада заявіў начальнік Цэнтральнага РАУС Менска Віктар Радзевіч. 

Болей навін