«Зварот хрысьціянкі» з заклікам да пакаяньня прэзідэнта прызнаны экстрэмісцкім
Берасьцейскі раённы суд прызнаў экстрэмісцкай брашуру Алены Гнаўк «Асобная думка, або зварот хрысьціянкі», якую яна выдала і разаслала ў розныя дзяржаўныя ўстановы.У сваёй брашуры Алена Гнаўк прапанавала выйсьце з палітычнага крызісу Беларусі праз пакаяньне народа і прэзідэнта.
Аўтарка не знайшла 6 мільёнаў, каб правесьці новую экспэртызу ў Інстытуце філязофіі Акадэміі навук. Таму суд разглядаў справу па ранейшай экспэртызе, якую пракуратура замаўляла ў Берасьцейскім дзяржаўным унівэрсытэце.
Рашэньне вынесенае не на карысьць Гнаўк. Юрыст Алены Гнаўк лічыць гэтае рашэньне суда неабгрунтаваным і несправядлівым. Але на яе думку, абскарджваць рашэньне ў цяперашніх беларускіх судах ня мае сэнсу:
– Рашэньне суда аб прызнаньні інфармацыйнай прадукцыі экстрэмісцкімі матэрыяламі накіруюць ў Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь для уключэньня ў рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, які падлягае друку ў СМІ. Упершыню на постсавецкай прасторы ў экстрэмізме абвінавацілі кнігу, якая заснавана на хрысціянскіх каштоўнасцях.
У сваёй брашуры Алена Гнаўк выклала свой погляд на тое, «як уладам і апазыцыі выйсьці са становішча, якое цяпер склалася». Гнаўк прапанавала нестандартны выхад з палітычнага крызісу Беларусі праз пакаяньне народа і прэзідэнта і прыход новага лідэра, які задаволіў бы ўсе бакі.
Гэтую брашуру Алена Гнаўк выдала накладам 200 асобнікаў і накіравала ў розныя міністэрствы і ведамствы. Аднак КДБ угледзела ў кнізе элементы экстрэмізму. Зь ініцыятывы КДБ пракуратура Берасьцейскай вобласьці накіравала пазоў у Берасьцейскі раённы суд, каб прызнаць выданьне экстрэмісцкім.
Паводле Радыё «Свабода» і Радыё «Рацыя»