Віталь Рымашэўскі пра 4-ты зьезд БХД: “Мы падрыхтавалі новую стратэгію партыі”
На 17 сьнежня ў Менску заплянаваны ўстаноўчы зьезд партыі Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі. Пра гэта ў інтэрвію радыё “Свабода” распавёў сустаршыня аргкамітэту па стварэньні БХД Віталь Рымашэўскі:
“Мы робім устаноўчы зьезд зь некалькіх прычын. Першая, каб па яго выніках афіцыйна зарэгістраваць партыю і даць юрыдычна дадатковую ступень абароны нашым людзям.
Апроч таго, падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі да партыі далучыліся новыя актывісты, вызначыліся новыя кіраўнікі некаторых рэгіянальных структур. Трэба пераабраць кіраўніцтва партыі, яно будзе абнаўляцца, найперш нацыянальная рада.
Трэба таксама зацьвердзіць супольны плян дзеяньняў. За апошні год шмат што адбылося. Можна сказаць, што такога зьезду не было ўжо два гады. Бо апошні форум у верасьні мінулага году быў больш тэхнічны, дакумэнты на рэгістрацыю падаваліся.
Мы падрыхтавалі новую стратэгію партыі. Патрэбна даць людзям адказы на шэраг важных пытаньняў — напрыклад, байкатаваць выбары ў Палату прадстаўнікоў у наступным годзе альбо ўдзельнічаць у іх?”
Дагэтуль прайшлі ўжо тры ўстаноўчыя зьезды БХД. Аднак пад рознымі прычынамі Міністэрства юстыцыі адмаўлялася рэгістраваць партыю.