Яўген Васьковіч месяц у карцары за адмову перавярнуцца падчас сну
16 лістапада зняволенага сябра БХД Яўгена Васьковіча наведаў адвакат. Ужо цэлы месяц Васьковіча ўтрымліваюць у карцары крытай турмы № 4 Магілёва. Яму двойчы на 10 дзён працягвалі знахожанне ў ШІЗА, апошні раз – за тое, што ён пасля адбою па камадзе канваіра не павярнуўся тварам да сцяны падчас сну.
Як паведаміў прэс-службе БХД адказны сакратар аргкамітэту Дзяніс Садоўскі, Васьковіч вельмі ўдзячны за падтрымку ўсім, хто піша лісты і моліцца за яго:
– Адвакат перадаў словы ўдзячнасці Яўгена за падтрымку. У карцар лісты яму не перадаюць, але ахоўнікі ўжо паведамілі, што пасля выхаду з ШЫЗА яго чакае вельмі шмат лістоў. Адвакат таксама распавёў мне, што кормяць Яўгена задавальняюча, хоць адчуваецца эканамічны крызіс і ў турме. Яўген прасіў выпісаць яму некалькі газетаў, якія ён таксама спадзяецца атрымаць адразу пасля выхаду з карцэра.
Нагадаем, у карцар Яўгена Васьковіча змясцілі яшчэ 19 кастрычніка, і калі турэмныя ўлады не прыдумаюць яму новага пакарання, 19 лістапада актывіст павінен выйсці з ШІЗА.
Яўгена Васьковіча затрымалі 17 студзеня ў Магілёве на наступны дзень пасля яго ўдзелу ў акцыі салідарнасці зь беларускімі палітвязнямі. Яго абвінавацілі ў нападзе на будынак КДБ у Бабруйску, які адбыўся ў ноч з 16 на 17 кастрычніка 2010 году. У нападзе ніхто не пацярпеў, а рэальныя страты склалі 253 тысячы рублёў, якія былі кампенсаваныя. Нягледзячы на гэта, Яўгена Васьковіча суд прысудзіў да сямі год зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
У сваім апошім слове хлопец назваў сябе ліцьвінам і дадаў, што яго святы абавязак — бараніць нацыянальныя беларускія каштоўнасці: “За іх я ўмерці гатовы, бо жыцьцё кароткае, а радзіма вечная”. Скончыў Васьковіч свой кароткі выступ воклічам: “Жыве Беларусь!”.
Хаця хрысціянскія дэмакраты не падтрымліваюць такіх метадаў супраціву, наш абавязак – маліцца за Яўгена, дапамагаць яму і ягоным родным дзеля таго, каб малады хлопец мог зразумець: “не будзь пераможаны злом, а перамагай зло дабром” (Рым., 12:21). БХД заклікае дасылаць палітвязню лісты са словамі з Пісання. Лісты падтрымкі неабходна пісаць на адрэсу: турма № 4, 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А.