Штодзённая малітва на Кастрычніцкай не спыняецца
Нават пасля затрыманняў 16 лістапада і адміністрацыйнага арышту Алеся Макаева малітоўная акцыі на Кастрычніцкай плошчы не спыняюцца. Вернікі і актывісты, якая ладзіць малітвы за Беларусь і палітвязняў, працягваюць штодня збірацца там а 19-й гадзіне і заклікаюць далучацца да гэтых малітваў іншых вернікаў.
Хаця міліцыянты ў цывільным забараняюць вернікам маліцца і не дазваляюць доўга знаходзіцца на Кастрычніцкай, вернікі ўсё адно прыходяць і, пачынаючы ружанцовую малітву за вызваленне палітвязняў, ідуць малітоўным шэсцем на традыцыйную малітву да Чырвонага касьцёла, што распачынаецца ў 20-00.
Распавядае ўдзельніца малітоўнай акцыі Ганна Шапуцька: «Міліцыянты забараняюць нам маліцца на плошчы. Таму мы пачынаем маліцца на плошчы, а затым працягваем маліцца, пакуль ідзем па праспекце да Чырвонага касцёла. Хаця раней мы на Кастрычніцкай адмаўлялі ружанцовую малітву каля сарака хвілінаў.
Гэта фактычна негвалтоўны супраціў. Спадзяюся, што калі затрымаюць нас, будзе каму высці на малітву на наступны дзень.».
Нагадаем, што ўжо другі тыдзень актывісты і вернікі а 19-й збіраліся на Кастрычніцкай і маліліся на ружанцы за Беларусь і вызваленне палітвязняў, а затым ішлі на традыцыйную малітву да Чырвонага касцёла.
16 лістапада малітоўнікам не далі правесці малітву. На выхадзе з плошчы затрымалі сем удзельнікаў малітоўнай акцыі. Жанчыны былі адпушчаныя позна ўвечары без складаньня пратаколаў, а прадпрымальніка Алеся Макаева і выпадковага мінака Аляксандра Кальянава адвезлі ў спецпрыёмнік на Акрэсціна і на наступны дзень асудзілі ў судзе Цэнтральнага раёну Менску на 5 сутак адміністрацыйнага арышту і 5 базавых велічыняў штрафу адпаведна.