Гарадскі сход БХД і Рада народных дэпутатаў у Гомелі (Фота)
БХД павінна быць пазнавальная для людзей праз добрыя справы і заваёву дасягальнай інфармацыйнай прасторы. Гэтак можна акрэсліць агульныя высновы гарадскога сходу БХД, які адбыўся 19 лістапада ў Гомелі. У межах сходу, прысвечанага падрыхтоўцы да 4-га з’езду БХД, адбылася прэзэнтацыя кампаніі БХД “Рада народных дэпутатаў”
На гомельскім сходзе прысутнічала больш за 20 чалавек. Вёў сход гомельскі каардынатар БХД Юры Клімовіч. З Менску прыехалі адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі, сябры ўправы Валерыя Чарнаморцава і Вадзім Кабанчук.
Пасля абмеркавання пытанняў з’езду, падрыхтоўкі дакументаў для рэгістрацыі і зменаў у стратэгіі партыі, Дзяніс Садоўскі правёў прэзэнтацыю 2 кампаніяў БХД: “Рада народных дэпутатаў” і “За сямейныя каштоўнасці”. Кампаніі былі вельмі прыхільна ўспрынятыя гамельчукамі, і ў выніку абмеркавання было вырашана распачаць у Гомелі некалькі лакальных кампаніяў па вырашэнні мясцовых праблемаў.
Валерыя Чарнаморцава таксама распавяла пра інфармацыйную стратэгію БХД, кампанію “Пакаяньне” і ініцыятыву “Малітва за Беларусь”. І вядома, вялікая ўвага прысутных была аддадзеная кампаніі па вызваленні палітвязняў.