Абласны сход БХД падтрымаў кампанію Рада народных дэпутатаў
20 лістапада ў Гародні прайшоў абласны сход БХД, які акрамя гарадзенцаў сабраў прадстаўнікоў аргкамітэту са Слоніма, Свіслачы, Валкавыску і іншых гарадоў. Сход быў прысвечаны падрыхтоўцы да 4-га ўстаноўчага з’езду БХД і прэзэнтацыі кампаніі БХД “Рада народных дэпутатаў”.
На сходзе прысутнічала больш за 20 чалавек. З Менску ў Гародню прыехалі адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі і сябра ўправы Вадзім Кабанчук. Удзельнікі сходу абмеркавалі падрыхтоўку да з’езду і правядзенне мясцовых рэгістрацыйных сходаў, падвялі папярэднія вынікі па колькасці заснавальнікаў БХД ад Гарадзеншчыны. Таксама абмяркоўвалася пытанне ўдзелу ці не ўдзелу сябраў БХД у парламенцкіх выбарах 2012 года.
Дзяніс Садоўскі правёў прэзэнтацыю кампаніяў БХД “Рада народных дэпутатаў” і “За сямейныя каштоўнасці”, якія прыйшліся даспадобы ўдзельнікам сходу. У прыватнасці, адразу былі запланавана некалькі кампаніяў па вырашэнні мясцовых праблемаў у Гародні і Слоніме.
Гарадзенскі абласны каардынатар БХД Мікола Баўсюк у інтэрв’ю прэс-службе БХД зазначыў: “Добра, што сабраліся, абмеркавалі стан справаў. Былі новыя людзі, напрыклад з Ліды. Вырашылі ўзмацніць працу па падрыхтоўцы з’езду БХД на Гарадзеншчыне. Нашыя гарадзенскія сябры пасля прэзэнтацыі Рады народных дэпутатаў вырашылі правесці свае лакальныя кампаніі, у прыватнасці, па добраўпарадкаванні двароў і вуліцаў.”