Нельга забыць: штодзённая малітва за палітвязняў ля Чырвонага касцёла трывае ўжо 10 месяцаў (Фота)

20 лістапада 2011 20:51  |  Палітыка

19 лістапада вернікі і грамадскія актывісты ў асаблівы спосаб узгадвалі трагічныя падзеі Плошчы-2010 і маліліся за палітвязняў, якія ўжо 11 месяцаў пакутуюць у няволі. А сама штодзённая малітоўная акцыя за свабоду палітвязняў і ўсёй Беларусі, што праходзіць а 20-й гадзіне ля Чырвонага касцёла ў Менску, трывае ўжо 10 месяцаў. Гэтая малітоўная ініцыятыва атрымала назву “Нельга забыць”.

Прысутныя традыцыйна запальваюць свечкі і становяццаў у кола ля скульптуры арханёла Міхаіла, што забівае цмока, спяваюць  рэлігійныя гімны і моляцца за вызваленне палітвязьняў і ўсёй краіны ад духу страху, хлусні і таталітарызму. Таксама вернікі штодня моляцца за пакаянне беларускіх уладаў і тых, хто выносіць несправядлівыя прысуды, вартуе і катуе палітвязняў. Напрыканцы малітвы традыцыйна гучыць беларускі духоўны гімн “Магутны Божа” і вокліч “Жыве Беларусь! – Жыве з Богам!”. Жанчыны штодня прыходзяць на малітоўную акцыю ў бел-чырвона-белых шаліках.

Нагадаем, ініцыятыва штодзённай малітоўнай акцыі ля Чырвонага касцёла, якая атрымала назву “Нельга забыць”, узнікла стыхійна 19 студзеня падчас акцыі салідарнасці з арыштаванымі і пацярпелымі пасля падзеяў Плошчы-2010. Кожны дзень а 20-й гадзіне тут збіраюцца людзі са свечкамі, кветкамі і партрэтамі палітвязняў, спяваюць і моляцца, запальваюць знічкі і ставяць іх ля скульптуры арханёла Міхаіла, які сымбалізуе перамогу дабра над злом, святла над цемрай, праўды над страхам і хлуснёй.

Ініцыятыву малітоўных акцыяў за палітвязняў і свабоду Беларусі падтрымалі вернікі і грамадскія актывісты з Віцебску, Горадні, Гомеля, Берасця і іншых гарадоў Беларусі, а з нядаўняга часу такія малітвы распачаліся ў сталіцах суседніх дзяржаваў Варшаве і Вільні.

А пару тыдняў таму актывісты “Нельга забыць” распачалі штодзённыя малітвы і на Кастрычніцкай плошчы ў Менску. Хаця міліцыянты ўвесь час чыняць вернікам розныя перашкоды, штодня а 19-й яны спрабуюць сабрацца на Кастрычніцкай, каб памаліліся на ружанцы за Беларусь і вызваленне палітвязняў, а затым па праспекце Незалежнасці ідуць на традыцыйную малітву да Чырвонага касцёла.

Болей навін