Начальніку не падабаюцца малітвы на Кастрычніцкай: “Прыходзьце заўтра. Знойдзем за што завезці вас у РАУС” (Аўдыё)
Нягледзячы на штодзённы ціск і арышт Алеся Макаева кожны дзень а 19-й гадзіне на Кастрычніцкай плошчы ў Менску працягваюцца малітоўныя акцыі. Пра малітву 21 лістапада прэс-службе БХД распавяла каталіцкая актывістка Юля Фралова:
“Сёння было мала людзей, бо большая частка сустракала Алеся Макаева. Але прынцыпова я памалілася і пайшла.
Як толькі я з’явілася на плошчы, да мяне накіраваліся двое. Адзін з рацыяй прадставіўся як галоўны інспектар Цэнтральнага РАУСа. Знаёмы твар, мы ўжо зь ім размаўлялі калісьці, ён жаліўся, што ў яго жонка, дзеці, а ён мусіць тут стаяць пасля працы, сачыць за намі. Ён сказаў:
– “Уважаемася”, калі ласка сыходзьце адсюль, тут сёння не будзе акцыі.
А я кажу, што не сыйду, чаму я павінна сысці, я хачу тут пастаяць, прайсціся.
Мяне выправадзілі сілай з плошчы да метро і не пускалі назад. Прапанавалі адразу ісці да касцёла. Але я вырашыла не зыходзіць, а стала побач з імі і пачала маліцца. Бачыла, што на плошчы ёсць іншыя (у цывільным), групкамі стаяць і таксама назіраюць (за намі).
Малілася я недзе 15 хвілінаў. Да мяне падыйшла Таццяна Зелка і мы разам памаліліся спецыяльна ўголас. Я пералічыла імёны палітзняволеных, каб (міліцыянты) чулі, што мы ўсёткі молімся за іх вызваленне. Памаліліся за краіну, за ўрад і таксама за сілавыя структуры. Памаліліся “Ойча Наш”.
Пасля гэтага да нас падышлі ізноў і сказалі, што нават на скрыжаванні Незалежнасці і Энгельса ля метро нельга стаяць, мы павінны сысці:
– Начальнік вам дае адну хвіліну.
На маё пытанне, чаму нельга, якая прычына, (інспектар) сказаў:
– Вы мне нічога не робіце, але майму начальніку не падабаецца, што вы тут знаходзіцеся, а я павінен выконваць загады.
– А калі вам загадаюць страляць у сваіх людзей, – спыталася я.
– Ну я ж у вас не страляю.
– Пакуль, – кажу.
Ён нічога не адказаў на гэта, і сапраўды, што тут адказаў. Яшчэ казаў:
– Прыходзьце заўтра.
– Прыйдзем заўтра, і паслязаўтра і прынцыпова будзем прыходзіць, – адказала я.
А перад гэтым яшчэ казаў:
-Альбо зыйдзіце з плошчы, альбо здыміце шалік…
-Навошта вам праблемы, бо завязем вас у РОВД.
– За што?
– А мы знойдзем за што. Напрыклад, забыліся як вам завуць. “
Поўнасцю інтэрв’ю Юлі Фраловай:
Нагадаем, што ўжо больш за 2 тыдні актывісты і вернікі а 19-й гадзіне збіраюцца на Кастрычніцкай і моляцца на ружанцы за Беларусь і вызваленне палітвязняў, а затым па праспекце Незалежнасці ідуць на традыцыйную малітву да Чырвонага касцёла, што распачынаецца а 20-й.
16 лістапада на выхадзе з плошчы затрымалі сем удзельнікаў малітоўнай акцыі. Жанчыны былі адпушчаныя позна ўвечары без складання пратаколаў, а прадпрымальніка Алеся Макаева і выпадковага мінака Аляксандра Кальянава асудзілі ў судзе Цэнтральнага раёну Менску на 5 сутак адміністрацыйнага арышту і 5 базавых велічыняў штрафу адпаведна.