Народны дэпутат ад БХД Іван Бедка змагаецца за добраўпарадкаванне Слоніма
Слонімскі каардынатар БХД Іван Бедка ў межах кампаніі БХД “Рада народных дэпутатаў” змагаецца за добраўпарадкаванне сваёй вуліцы і двара, а таксама дамагаецца паляпшэння медычнага абслугоўвання ў Слоніме.
У кастрычніку Бедка арганізаваў Народны сход у сваім доме і збор подпісаў за добраўпарадкаванне вуліцы і аўтапаркоўкі ля дома. У інтэрв’ю прэс-службе БХД Іван Бедка распавёў:
“Сход у нашым доме мы правялі ў кастрычніку. Там былі вылучаныя агульныя для народнага сходу патрабаванні падвысіць заробкі, адмяніць кантрактную сістыму, спыніць рост цэнаў і вызваліць палітвязняў. Акрамя гэтага мы сабралі подпісы за добраўпарадкаванне аўтамабільнай паркоўкі і нашай вуліцы, а таксама за тое, каб не адключалі ваду ў дамах.
Пляцоўку для аўтамабіляў Слонімскі райвыканкам нам вылучыў яшчэ ў мінулым годзе. Мы тады таксама збіралі подпісы за яе. Але яна абсалютна неабсталяваная для паркоўкі, проста кавалак зямлі з травой. А нашая вуліца 1-й сямігодкі хоць і лічыцца гарадской, а насамрэч горш чым на сяле: яміны, ухабы, калдобіны, яна не асфальтаваная, а проста пяшчаная. Што датычыць вады, дык пасля 22-00 у нашых шматпавярховых дамах яе проста адключаюць і зраніцы не ўключаюць да 8 гадзінаў.
За гэтыя патрабаванні мы сабралі подпісы жыхароў і даслалі ў Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, у Слонімскі райвыканкам і ў Гарадзенскі абласны выканкам. У адказ збольшага атрымалі адпіскі, хаця нешта яны зрабілі.
На нашу вуліцу прыслалі трактар, троху параўнялі калдобіны, але ж мы патрабавалі заасфальватваць, а ў адказе – няма сродкаў. Ваду ўвечары і зраніцы ўключылі і пасля прыходзілі са ЖРЭА і Вадаканала, каб мы падпісаліся, што вада ёсць. Але я не падпісаўся, а то пасля могуць ізноў адключыць.”
Таксама слонімскія сябры БХД ўдзельнічалі ў зборы подпісаў за паляпшэнне медычнага абслугоўвання слонімцаў. Іван Бедка сабраў каля 50 подпісаў супраць пабораў у паліклініках і шпіталях ды за дасягальнасць медыцыны для простых людзей.