У памяшканні для з’езду БХД пакуль толькі адмовы
Як паведаміў прэс-службе БХД адказны сакратар аргкамітэту Дзяніс Садоўскі, з 14 адпраўленых заявак на памяшканне для правядзення 17 снежня 4-га ўстаноўчага з’езду партыі, на сённяшні дзень прыйшло 8 адмоваў:
“Пакуль прыходзяць толькі адмовы. Адмовілі Міжнародны адукацыйны цэнтр (IBB), Палац мастацтваў, кінатэатры “Цэнтральны” і “Аўрора” і іншыя ўстановы.
Адмовы стандартныя, што памяшканне ў гэты час занятае. Але ёсць і арыгінальныя. Напрыклад, дырэктар кінатэатра “Цэнтральны” напісаў, што яны нам ужо тройчы адмаўлялі ў папярэднія разы і зараз не маюць намеру прадастаўляць нам памяшканне ў арэнду. Таму ён просіць на гэтым нашую перапіску спыніць.
Гэта пацвярджае, што няма сэнсу пісаць у гэтыя ўстановы, бо яны самі нічога вырашыць не могуць. Але інтрыга пакуль застаецца. Няма адказу з Менгарвыканкама, які звычайна дае дазвол на арэнду ў ДК МТЗ, і з самога ДК МТЗ адказу пакуль таксама няма.”
Садоўскі таксама адзначыў, што пазіцыя БХД адносна месца правядзення з’езду не змянілася: ён будзе ў Менску. І калі памяшканне не дадуць, сябры БХД гатовыя 17 снежня сабрацца свой на з’езд на Кастрычніцкай плошчы.