На Кастрычніцкай ізноў не дазваляюць маліцца
У аўторак 22 лістапада супрацоўнікі міліцыі ізноў выціснулі з Кастрычніцкай плошчы вернікаў, якія штодня прыходзяць туды а 19-й памаліцца за палітвязняў і за Беларусь.
Як распавяла адна з ініцыятарак малітвы, каталічка Юлія Фралова, міліцыянты і гэтым разам паводзілі сябе вельмі груба.
– Супрацоўнікі міліцыі ці РАУСа папрасілі. Адзін, так сказаць, ветліва. А вось другі – гэта спадар Смольскі, які вельмі нахабна сябе паводзіў у дачыненні, напрыклад, да мяне. Выпіхваў мяне і лаяўся матам. Настроены быў вельмі агрэсіўна, пагражаў, казаў, што завязе ў РАУС і не паглядзіць на тое, што жанчына. Пагражаў збіць. Зараз мы прыйшлі да Чырвонага касцёла. Будзем маліцца. Будзем думаць пра тактыку нашых выхадаў на Кастрычніцкую плошчу.
Звыш за дзясятак вернікаў ужо больш за два тыдні кожны вечар выходзяць на Кастрычніцкую плошчу, каб маліцца за вызваленне палітвязняў і за Беларусь. На мінулым тыдні за малітву было затрымана сем чалавек. Адзін з яе ўдзельнікаў прадпрымальнік Алесь Макаеў быў пакараны пяццю суткамі арышту.