БХД перашкаджаюць правесці ўстаноўчы сход (Аўдыё-каментар Аляксея Шэіна)

24 лістапада 2011 11:15  |  БХД

Беларускай хрысціянскай дэмакратыі ў памяшканні для ўстаноўчага з’езда адмовілі амаль усе мінскія палацы культуры, асноўная фармулёўка адмоваў – адсутнасць вольнай залы для рэалізацыі грамадзянамі свайго права на стварэнне партыі. Cітуацыю з адмовамі ў памяшканні для з’езду БХД каментуе сустаршыня БХД Аляксей Шэін.

Паводле ягоных словаў, папярэдне БХД падала заяўкі на правядзенне свайго сходу 17 снежня ў большасць сталічных устаноў культуры, што маюць у сваім падпарадкаванні залы да тысячы пасадачных месцаў, аднак пакуль спрэс атрымліваюць адмовы. А ў некаторых выпадках нават на незаконных падставах.

– Для нас такая адмова не з’яўляецца нечым нечаканым ці звышардынарным. З такімі паводзінамі ўладаў мы сустракаліся і раней. Падчас падрыхтоўкі нашых першых трох устаноўчых з’ездаў была, у прынцыпе, аднолькавая гісторыя, калі нам адмаўлялі ў прадастаўленні памяшкання, і потым, часам за паўтары дні, мы атрымлівалі дазвол. Ці будзе гэтым разам такі афіцыйны дазвол – не ведаю, але ў любым выпадку з’езд мы збіраемся праводзіць. Гэта не паўплывае на наша рашэнне правесці з’езд Беларускай хрысціянскай дэмакратыі.

Па словах Аляксея Шэіна, найбольш адыёзную адмову ў правядзенні з’езда БХД у сваім памяшканні накіравала кіраўніцтва сталічнага кінатэатра Цэнтральны. Дырэкцыя ўстановы культуры наогул проста праінфармавала афіцыйных заснавальнікаў партыі пра тое, што спыняе з імі якую-кольвек перапіску.

Партыя БХД пачынаючы з 2009 года ўжо тройчы праводзіла ўстаноўчыя з’езды і падавала рэгістрацыйныя дакументы ў Міністэрства юстыцыі, але да гэтага дзяржаўную рэгістрацыю так і не атрымала з палітычных матываў.

 

Болей навін