Павал Севярынец: Гэтай уладзе выгадна спойваць беларусаў (Аўдыё)

24 лістапада 2011 18:44  |  Палітыка

Нацыя співаецца – продаж гарэлкі ўзрос амаль на 20%. За студзень-кастрычнік гэтага года вырас не толькі продаж гарэлкі. Згодна з афіцыйнай статыстыкай, на 11% павялічыўся продаж піва, на 34,9% – лікёра-гарэлачных вырабаў, каньяку і брэндзі – на 26,6%.

Лідар Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, палітвязень Павал Севярынец заўважае, што сённяшняя ўлада зацікаўлена ў тым, каб людзі пілі. І не толькі з эканамічнага пункту гледжання. Такой нацыяй прасцей кіраваць.

– Дзяржаўная палітыка ў Беларусі – гэта спойванне беларускага народа. У адкрытую. Нават пры камуністах кілбаса каштавала танней за гарэлку. Калі растуць кошты на прадукты харчавання, а гарэлка застаецца таннай, гэта проста смяротнае пакаранне для значнай часткі беларускай нацыі. Для чаго? Для таго, каб не раскрывалі рот, і для таго, каб пенсійны фонд заставаўся ў руках дзяржавы. Мужыкі ў нас не дажываюць да пенсіі, співаюцца. Грошы, якія яны ўвесь час адкладалі ў пенсійны фонд, трапляюць у рукі дзяржавы.

На словах дзяржава нібыта заклапочаная ў барацьбе з алкагалізмам. Ёсць сацыяльная рэклама, пра небяспеку алкаголю вядзецца ў афіцыйных СМІ і электронных медыях, пра перавагі цвярозасці бясконца кажа Лукашэнка. Але лічбы сведчаць адваротнае: у 2005 годзе на кожнага беларуса прыходзілася 9,3 літра чыстага алкаголю, у 2009 – 12 літраў, у 2010 – 12,3 літра.

 

Болей навін