Віталь Рымашэўскі ў Берліне: “Калі нічога не зменіцца, нам прыйдзецца байкатаваць выбары”

25 лістапада 2011 16:07  |  Галоўныя навіны

Экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі, сустаршыня аргкамітэту незарэгістраванай партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” (БХД) сустрэўся ў Берліне з высокапастаўленымі нямецкімі палітыкамі. У інтэрв’ю Deutsche Welle ён распавёў пра мэты свайго візіту ў Берлін і пра тое, які ўрок ён вынес для сябе са снежаньскіх падзеяў мінулага года.
 

У аўторак, 22 лістапада, апазіцыйнага палітыка асабіста прыняў намеснік старшыні фракцыі ХДС / ХСС у Бундэстагу Андрэас Шакенхоф (Andreas Schockenhoff), а таксама кіраўнік ведамства федэральнага канцлера Рональд Пофала (Ronald Pofalla).

Deutsche Welle: Пра што вы гаварылі з нямецкімі палітыкамі?

Віталь Рымашэўскі: Мы абмяркоўвалі планы па супрацоўніцтве і дапамозе, якую ўрад Германіі можа аказаць дэмакратычнай супольнасці Беларусі. Кіроўныя партыі ФРГ надаюць Беларусі шмат увагі. Важна, каб нашыя пазіцыі былі ўзгодненыя. Мы гаварылі пра тое, як змянілася палітычная сітуацыя ў рэспубліцы за апошнія паўгады. Пасля прыняцця новых законаў стала нашмат больш складана арганізоўваць дэманстрацыі і акцыі пратэсту, ажыццяўляецца татальны кантроль за перасоўваннямі і выказваннямі беларускіх апазіцыянераў.

– Як вы ацэньваеце ўзровень падтрымкі ФРГ дэмакратычным сілам Беларусі?

– Пазіцыя, якую заняла ФРГ, дапамагла многім арыштаваным за ўдзел у пратэстнай акцыі 19 снежня 2010 года выйсці на волю. Калі б не такая прынцыповая пазіцыя Захаду, сітуацыя ў Беларусі была б нашмат горш. Камунікуючы з нямецкімі палітыкамі, я бачу, што іх звязвае з Беларуссю не проста палітычны інтарэс, але і асабістае спачуванне да таго, што адбываецца. Яны нястомна патрабуюць вызвалення палітвязняў.

– Аднак Лукашэнка глухі да патрабаваньняў Захаду?

– Тое, што ў апошні час былі адпушчаныя на свабоду некаторыя палітвязні, якраз кажа пра тое, што Менск Захад чуе. Калі б Еўразвяз быў больш кансалідаваны, калі б такія палітыкі, як былы прэм’ер Італіі Сільвіа Берлусконі і літоўскі прэзідэнт Даля Грыбаўскайтэ не выступалі са сваімі сумнеўнымі выказваннямі, дык на свабодзе былі б ужо ўсе.

– Ці могуць вызваліць палітвязняў да 19 снежня гэтага года?

– Складана рабіць прагнозы. У 2012 годзе ў Беларусі пройдуць парламенцкія выбары, аднак я не ўпэўнены, што да выбараў на свабоду выйдуць ўсе. Мы спадзяваліся, што ўсіх адпусцяць гэтай восенню і моцна расчараваныя тым, што гэтага не адбылося. Нямецкія палітыкі таксама лічаць гэта дрэнным сігналам.

– Вы не шкадуеце пра тое, што прымалі ўдзел у акцыях пратэсту?

– Я быў там, дзе павінен быў быць. Што датычыць дзеянняў апазіцыі наагул, дык многія рэчы можна было б зрабіць па-іншаму. Нашыя дзеянні павінны былі быць больш рашучымі. Кандыдатам у прэзідэнты не ўдалося выпрацаваць адзінага сцэнара правядзення дэманстрацыі. У нас не было сумеснага плану. Пацярпелых магло б быць нашмат менш.

– Што замінала вам аб’яднацца?

– Асабістыя амбіцыі, КДБ і не зусім дакладная і разрозненая пазіцыя заходніх краінаў у дачыненні да беларускай апазіцыі падчас перадвыбачнай кампаніі. Хочацца верыць, што падчас парламенцкай перадвыбарчай кампаніі мы будзем дзейнічаць інакш. Я сам ўмоўна асуджаны на два гады, таму на выбары мяне не пусцяць. Акрамя таго, беларускія ўлады ўжо некалькі разоў адмаўлялі нашай партыі ў рэгістрацыі. Калі нічога не зменіцца, нам прыйдзецца байкатаваць выбары.

– Вас выпусцілі на свабоду нашмат раней за іншых зняволеных. У апазіцыйных колах не ўсе з разуменнем паставіліся да таго, што вы напісалі зварот да Лукашэнкі …

– Мой фармальны зварот з просьбай аб садзейнічанні ў маім вызваленні быў кампрамісным рашэннем. Я пайшоў на гэты крок, таму што мне было важна выйсці на волю. Я не думаю, што пераступіў рысу, і нясу адказнасць за свае ўчынкі. Мы не падрыхтавалі партыю да такіх рэпрэсіяў. Ніхто не ведаў, што Лукашэнка так жорстка адрэагуе на нашу дэманстрацыю. Улады павінны адказваць за рэпрэсіі. А мы павінны адказваць за тое, што не падрыхтаваліся да рэакцыі ўладаў на мітынг і не былі гатовыя да правакацыяў з-за няўмення дамовіцца адзін з адным.

Гутарыла Аксана Еўдакімава, Берлін

Болей навін