Павал Севярынец пра забарону перапіскі з Васьковічам і лісты іншых палітвязьняў

26 лістапада 2011 22:52  |  Палітыка

Адзін з сустаршыняў аргкамітэту партыі БХД Павал Севярынец, які адбывае 3 гады “хіміі” за Плошчу ў Пружанскім раёне, лістуецца з іншымі асуджанымі. Нядаўна яму прыйшлі лісты ад зьняволенага экс-кандыдата Міколы Статкевіча і маладафронтаўцаў Зьміцера Дашкевіча ды Эдуарда Лобава. А ад актывіста БХД Яўгена Васьковічу, які адбывае тэрмін ў Магілёўскай турме за напад на будынак КДБ у Бабруйску, стала вядома, што ліст Севярынца прыйшоў пусты, з цыдулкай ад турэмнага цэнзара, быццам ліставаньне з Севярынцам забароненае.

 

Павал Севярынец гэтым вельмі зьдзіўлены, кажа што з такім рашэньнем цэнзуры сустрэўся ўпершыню. “Нічога надзвычайнага ў лісьце не было, толькі словы падтрымкі ды цытаваньне Бібліі”.

 “Мне проста важна пераканаць хлопца ў тым, што мы можам і павінны змагацца з гвалтам негвалтоўна. Магчыма, для цэнзараў важна, каб людзі хацелі замагацца гвалтам, тады у іх будзе падстава ужываць гвалт? Ня ведаю. Безумоўна, гэта беззаконьне”, – дадае Севярынец. 

Пра лісты ад Зьмітра Дашкевіча і Эдуарда Лобава Павал паведаміў наступнае. “Лобаў піша вельмі сур’ёзна і прынцыпова, бачна, што чалавек не зламаўся. Зьміцер таксама не скараецца, як уласьціва для яго, жартуе і малюе на капэртах бел-чырвона-белы сьцяжок”.

Маладафронтаўцаў Зьмітра Дашкевіча трымаюць ў Глыбоцкай турме, Эдуарда Лобава – у калёніі ў Івацэвіцкім раёне.

Болей навін