БХД звярнулася да іерархаў у справе магчымага смяротнага пакарання Кавалёва і Канавалава

28 лістапада 2011 13:04  |  Галоўныя навіны

Сябры БХД накіравалі зварот да беларускіх царкоўных іерархаў Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта ды Мітрапаліта Менска-Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча ў справе магчымага смяротнага пакарання Ўладзіслава Кавалёва і Дзмітрыя Канавалава, якія абвінавачваюцца ў здзяйсненні тэракту ў менскім метро 11 красавіка 2011 году. У звароте выказаны непакой лёсам абвінавачаных, недавер беларускаму правасуддзю і просьба да іерархаў зрабіць усё магчымае, каб іх не пакаралі смерцю

 

Падаем гэты зварот цалкам:

 

Мы, жыхары Беларусі, хрысціяне розных канфесій, людзі добрай волі, звяртаемся да Вас з надзеяй, даверам і заклапочанасцю ў справе Ўладзіслава Кавалёва і Дзмітрыя Канавалава, якіх абвінавачваюць у тэракце у Менскім метро 11 красавіка 2011 года. Як вынікае з судовага працэсу, абвінавачванне не змагло належным чынам даказаць іх віну. Як сведчаць шматлікія палітычныя працэсы, у нашай краіне няма справядлівага, незалежнага суду, следства вядзецца прадузята, жорстка абыходзяцца з падсуднымі, часам нават наўпрост выкарыстоўваюцца катаванні для выбіцця патрэбных паказанняў. І гэтаму ёсць шматлікія сведчанні нават незаангажаваных у “палітыку”, звычайных зняволеных.

 

Але на жаль, у Беларусі, апошняй у Еўропе, усё яшчэ існуе смяротнае пакаранне, якое зараз пагражае Кавалёву і Канавалаву. Усе мы з жахам думаем, што калі зараз мы прамаўчым, не выкажам падтрымкі і салідарнасці з гэтымі хлопцамі і іх сем’ямі, заклапочанасці іх лёсам, – не зробім У С Я Г О, што ад нас залежыць, дык можа стацца, што колькасць ахвяраў красавіцкага тэракту павялічыцца яшчэ на 2 чалавекі. Калі ёсць хоць адін шанец, што кроў нявінных будзе пралітая, трэба гэта прадухіліць, інакш гэтая кроў ляжа на сумленне нас усіх!

 

Просім Вас патурбавацца лёсам гэтых маладых жыхароў Віцебска, ды ўвогуле нас усіх, бо ў такой сітуацыі ніхто з нас не застрахаваны. Распачалася ўжо кампанія па збору подпісаў супраць пакарання смерцю Кавалёва і Канавалава, і наагул супраць смяротнага пакарання ў нашай краіне.

 

Ведаем, што Вы маеце кантакт з тымі, хто трымае ўладу ў Беларусі і просім выказаць міласэрднасць ды зрабіць У С Ё магчымае з Вашага боку, каб абараніць жыццё. «Ня помсціцеся за сябе, любасныя, а дайце месца гневу Божаму. Бо напісана: «Мне помста, Я адплачу», кажа Гасподзь» (Рым 12:19). Бог дабраславіць і абароніць Вас у гэтай добрай і слушнай справе!

 

Мы не павінны баяцца стаяць на баку праўды, справядлівасці, на баку пакрыўджаных, бо там дзе праўда і любоў, там ёсць БОГ!

 

Нагадаем, ўраджэнцаў Віцебска Дзмітрыя Канавала і Уладзіслава Кавалёва абвінавачваюць у арганізацыі выбуху, які адбыўся на станцыі метро «Кастрычніцкая» 11 красавіка 2011 года. У выніку выбуху загінула 15 чалавек, цялесныя пашкоджанні рознай ступені цяжару атрымала 387 чалавек. Прысуд па справе Канавалава і Кавалёва будзе абвешчаны 30 лістапада а 10-й гадзіне ў менскім Доме правасуддзя (вул. Сямашкі, д. 33) . Пракурор Аляксей Стук запатрабаваў абвінавачаных прысудзіць да вышэшай меры пакарання ў выглядзе расстрэла.

Супраць пакарання смерцю Канавалава і Кавалёва ў інтэрнэце ідзе збор подпісаў. На сёння пад петыцыяй падпісалася ўжо падпісалася больш за 40 тысяч чалавек.

Болей навін