Суд над Аляксандрам Крутым пачнецца 6 снежня
Аляксандра Крутога будуць судзіць за хуліганства. На судзе па справе аб тэракце ў мінскім метро ён прадстаўляў інтарэсы сваёй дачкі.
Слуханні будуць праходзіць у судзе Маскоўскага раёна Мінска. Пра гэта БелаПАН паведаміла яго дачка, Інэса Крутая. Нагадаем, што 20 верасня яго затрымала міліцыя. Аляксандру Крутому інкрымінавалі хуліганскі ўчынак, які ён нібыта здзейсніў яшчэ 17 жніўня. Пасля затрымання яго накіравалі на псіхіятрычную экспертызу.
Аляксандр Круты на судзе па справе аб тэракце прадстаўляў інтарэсы сваёй дачкі.Ён паступаў вельмі актыўна, выступаў з шэрагам хадайніцтваў, у тым ліку і аб пераносе працэсу да адмены ў Беларусі смяротнага пакарання. Цяпер Круты знаходзіцца ў жодзінскай турме. Пры гэтым псіхіятры прызналі яго неадэкватным.
Інэса Крутая: калі прысуд прывядуць у выкананне, колькасць ахвяр тэракту ў метро дасягне 17 чалавек
У сваю чаргу Інэса Крутая пракаментавала прысуд вынесены Уладзіславу Кавалёву і Дзмітрыю Канавалаву. “Калі прысуд Вярхоўнага суда будзе прыведзены ў выкананне, колькасць ахвяр тэракту ў метро дасягне 17 чалавек”, – сказала БелаПАН адна з пацярпелых у выніку тэракту ў мінскім метро 11 красавіка 2011 Інэса Крутая. “Гэта чарговае забойства”, – канстатавала яна.
Па словах Інэсы Круты “да нейкага моманту” яна верыла ў тое, што “хоць бы аднаму хлопцу дадуць пажыццёвае заключэнне”, потым гэтая вера прапала.
“Шкада хлапчукоў. Узялі нявінных з вуліцы”, – лічыць пацярпелая ад выбуху ў метро.
Інэса Крутая была пазбаўленая магчымасці адстойваць свае інтарэсы ў судовым працэсе. Сама яна па стане здароўя не магла ўдзельнічаць у паседжаннях. А бацьку, Аляксандра Крутога, які прадстаўляў інтарэсы дачкі ў судзе, на пачатковым яго этапе затрымалі і заключылі пад варту за хуліганства. Суд над ім прызначаны на 6 снежня.