Cуд над Таццянай Севярынец перанесены: “Дакажыце, што гэта быў Народны сход” (Фота)

01 снежня 2011 07:24  |  Галоўныя навіны

Кастрычніцкі раённы суд Віцебска перанес разгляд адміністрацыйных справаў віцебскай абласной каардынатаркі БХД Таццяны Севярынец і яе паплечніцы па правядзенні Народнага схода ў Віцебску 8 кастрычніка Ірыны Яскевіч. Судовае паседжанне павінна адбыцца 6 снежня ў 14-30. Да гэтага часу жанчыны павінны прадаставіць доказы таго, што яны праводзілі менавіта Народны сход, а не несанкцыянаваную масавую акцыю.

Прэс-службе БХД Таццяна Севярынец распавяла: “Мы з Ірынай Яскевіч амаль гадзіну даводзілі суддзі, што ўвогуле не разумеем, за што нас судзяць. Мы зачытвалі ёй артыкулы з закону «Аб рэспубліканскіх і мясцовых сходаў», паводле якіх ніякая заяўка на правядзенне мерапрыемства не патрэбная, калі ёсць подпісы 10% грамадзянаў, што пражываюць у гэтым двары, доме, раёне альбо горадзе.

У выніку суддзя Грабоўская перанесла паседжанне са словамі: “Вы павінны даказаць, што гэта быў менавіта Народны сход, а не несанкцыянаванае масавае мерапрыемства”. Як доказ нашай віны яна спасылалася на пратаколы, складзеныя міліцыянтамі, што прысутнічалі на сходзе, і дарэчы, таксама галасавалі за пыняццё рэзалюцыі, бо супраць нікога не было. Але ж я запярэчыла, што ў мяне ж няма магчымасці скласці на гэтых міліцыянтаў пратаколы ў адказ за парушэнне ім самім беларускага заканадаўства”.

Таццяна Севярынец і Ірына Яскевіч плануюць у якасці сведак запрасіць на судовае паседжанне мэра Віцебска Віктара Мікалайкіна, віцебскага пракурора і супрацоўнікаў міліцыі, што прысутнічалі на Народным сходзе 8 кастрычніка ў Віцебску.

Нагадаем, 8 кастрычніка 2011 году ў двары па вуліцы Багдана Хмяльніцкага ў Віцебску каля 130 чалавек сабралася на Народны сход. Падчас сходу людзі абмяркоўвалі як мясцовыя праблемы іх двароў, так і негатыўныя наступствы эканамічнай палітыкі, якую праводзяць беларускія улады – усё, што набалела. Да ўдзельнікаў сходу прамаўлялі актывісты прафсаюзнага руху, прадпрымальнікі, рабочыя, студэнты, пэнсіянэры. 

Пад рэзалюцыяй, прынятай Народным сходам адзінадушна, падпісаліся 40 найбольш актыўных і смелых удзельнікаў. У гэтай рэзалюцыі сярод іншых былі патрабаванні спыніць шалёны рост цэнаў, праіндэксаваць заробкі адпаведна інфляцыі, змяніць кантрактную сістэму, дазволіць індывідуальным прадпрымальнікам браць на працу не толькі блізкіх сваякоў. Акрамя эканамічных у рэзалюцыю ўвайшлі таксама патрабаванні вызвалення палітвязьняў, адстаўкі ўраду, вяртання дзяржаўнасці беларускім нацыянальным сівалам бел-чырвона-беламу сцягу і гербу “Пагоня”, а таксама статусу адзінай дзяржаўнай беларускай мове.

Арганізатары сходу Таццяны Севярынец і Ірыны Яскевіч адмыслова запрашалі на сустрэчу з віцяблянамі і прадстаўнікоў улады з мясцовага гарвыканкаму, каб тыя адказалі шматлікія на пытанні жыхароў. Але яны не прыйшлі і нават адмовіліся разглядаць рэзалюцыю сходу, бо тая складзеная “не па форме”.

 

Народны сход ў Віцебску 8 кастрычніка. Фота парталу “Народныя навіны Віцебска”.

Cуд над Таццянай Севярынец перанесены: "Дакажыце, што гэта быў Народны сход" (Фота)

Cуд над Таццянай Севярынец перанесены: "Дакажыце, што гэта быў Народны сход" (Фота)

Cуд над Таццянай Севярынец перанесены: "Дакажыце, што гэта быў Народны сход" (Фота)

Болей навін