Цэрквы выкажуцца адносна прысуду Канавалаву і Кавалёву
Прадстаўнікі праваслаўнай і каталіцкай цэркваў у Беларусі пакуль не камэнтуюць сьмяротных прысудаў асуджаным за тэракты ў менскім мэтро. Аднак, працуюць над праектамі заяваў.
Прэс-сакратар Менскай эпархіяльнай управы, пратаіярэй Сергій Лепін заявіў карэспандэнту Свабоды, што «ў цэлым царква ўжо неаднаразова выказвала сваё стаўленьне да сьмяротнага пакараньня».
«Калі будзе заява адносна гэтага выпадку, вы зможаце яе пачытаць і пачуць з афіцыйных органаў друку Беларускай праваслаўнай царквы».
Айцец Сергій адзначыў, што праекты гэтых заяваў разглядаюцца.
Выканаўца абавязкаў прэс-сакратара Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі ксёндз Юры Санько, сказаў, што мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч атрымаў ліст ад сяброў БХД адносна сьмяротнага прысуду Дзьмітрыю Канавалаву і Ўладзіславу Кавалёву:
«Ён працуе над гэтым лістом і бліжэйшым часам будзе афіцыйны адказ».
Сябры БХД накіравалі зварот да беларускіх царкоўных герархаў мітрапаліта Менскага і Слуцкага Філярэта і мітрапаліта Менска-Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча, у якім выказалі занепакоенасьць лёсам абвінавачаных, недавер беларускаму правасудзьдзю і папрасілі зрабіць усё магчымае, каб Дзьмітрыя Канавалава і Ўладзіслава Кавалёва не пакаралі сьмерцю.