Міліцыя Берасьця дапытвае удзельнікаў малітвы за Беларусь (відэа)

02 снежня 2011 11:11  |  Галоўныя навіны

У Берасьці міліцыянты выклікаюць на «гутаркі» ўдзельнікаў штотыднёвай малітвы за Беларусь. Іх распытваюць аб тым, хто арганізатар сустрэч, адкуль даведаліся пра гэтую акцыю.

Пра гэта «Свабодзе» паведаміў каардынатар стваранай партыі БХД па Берасьцейшчыне Зьміцер Шурхай. Як апавёў палітык, падчас апошняй малітвы за Беларусь міліцыянты перапісалі пашпартныя зьвесткі некаторых удзельнікаў. Потым супрацоўнікі міліцыі пачалі тэлефанаваць гэтым людзям.

Зьміцер Шурхай кажа, што міліцыянты задавалі некаторым удзельнікам акцыі наводзячыя пытаньні, ці не зьяўляецца спадар Шурхай арганізатарам малітоўных сустрэч.

Запрашэньне ў міліцыю атрымаў і Зьміцер Шурхай: «Мне патэлефанавалі й сказалі зьявіцца ў Ленінскі РАУС. Аднак я не пайшоў, бо ня маю часу на пустыя размовы зь міліцыянтамі. Няхай дасылаюць позву, калі мяне ў нечым падазраюць. Мяне зьдзіўляе, што яны нават у малітве падазраюць нешта скіраванае супраць уладаў».

На думку актывіста, нягледзячы на такі ціск на ўдзельнікаў малітвы за Беларусь, спатканьні будуць праводзіцца і надалей.

Акцыя праходзіць штопятніцу а 21-й гадзіне. Як правіла, удзельнікі зьбіраюцца ля цэркваў або касьцёлаў.

 

Болей навін