Аляксей Шэін пасля з’езду не будзе сустаршынём партыі БХД

03 снежня 2011 14:58  |  БХД

Партыя БХД плануе прыкладна на 50% змяніць склад кіраўніцтва на бліжэйшым з’ездзе 17 снежня. Кандыдатуры новых сустаршыняў хрысціянскія дэмакраты пакуль не называюць, аднак ужо цяпер вядома, што сваю пасаду пакіне адзін з цяперашніх сустаршыняў партыі Аляксей Шэін.

 

2 снежня пасля шматлікіх адмоваў памяшканне для чарговага з’езду партыйцаў ўсё ж было вылучанае беларускімі ўладамі, што па словах адказнага сакратара “Беларускай хрысціянскай дэмакратыі” Дзяніса Садоўскага, значна дадало імпэту хрысціянскім дэмакратам:

– З’езд БХД адбудзецца 17 снежня, праз 2 тыдні. Цяпер сканчаюцца сходы заснавальнікаў. Можна ўжо нават сёння канстатаваць, што колькасць заснавальнікаў неабходная для Міністэрства юстыцыі – тысяча чалавек, фактычна сабраная. Норма прадстаўніцтва вызначаная Нацыянальнай радай. Адзін чалавек ад 10 заснавальнікаў. Гэта значыць, што на з’ездзе будзе каля 105 заснавальнікаў. Плюс, безумоўна, мы разлічваем на шматлікіх гасцей, як з Мінску так і з рэгіёну. Тэхнічна ўсё арганізоўваецца па плане. Гэта ўжо наш 4-ты з’езд.

Па словах Дзяніса Садоўскага, адной з асноўных тэмаў з’езду апроч чарговай спробы дзяржаўнай рэгістрацыі партыі, стане таксама ўдзел альбо няўдзел хрысціянскіх дэмакратаў у парламенцкіх выбарах, запланаваных у Беларусі на 2012 год.

Болей навін